Уначы з 5 на 6 студзеня было зафіксавана як мінімум 8 заходаў расейскіх дронаў-камікадзэ ў Беларусь з тэрыторыі Украіны, піша маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн».
Дроны заходзілі ў Палескі запаведнік, рухаліся курсам на Камарын, Лоеў і Асарэвічы.
Першая група з двух «шагэдаў» ішла з поўначы Чарнігаўскай вобласці курсам на Беларусь каля 23:50 5 студзеня, далей заходы былі ў 00:49, 01:06, 01:22, 01:24, 02:03 і 04:02 6 студзеня.
Авіяцыя ВПС РБ у паветра не падымалася.
Мінулай ноччу, 5 студзеня, у Беларусь залятаў толькі адзін «шагэд» – каля 00:41, ляцеў на Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Яшчэ два дроны каля апоўначы рухаліся з Чарнігаўскай вобласці ў Беларусь, але не даляцелі. Авіяцыя таксама не падымалася.
У ноч на 4 студзеня найменей восем расейскіх «шагэдаў» зайшлі на тэрыторыю Беларусі.
Цягам снежня ў Беларусь заляталі 145 расейскіх дронаў. Агулам жа за 2024 год былі зафіксаваныя палёты 395 беспілотнікаў – гэта рэкордная колькасць з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
Асабліва актывізаваліся расейскія «шагэды» над тэрыторыяй Беларусі ўвосень 2024 года. У некаторых выпадках беспілотнікі перахоплівала беларуская авіяцыя. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў ваколіцах Гомля ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было.
Жыхары Хойніцкага раёну 14 кастрычніка стварылі на сайце «petitions.by» петыцыю з просьбаю да ўладаў абараніць іх і асабліва дзяцей ад беспілотнікаў, што ўсё часцей залятаюць на тэрыторыю Гомельскай вобласці.
Марыя Міхалевіч belsat.eu