У ноч на 4 студзеня найменей восем расейскіх «Шагэдаў» зайшлі на тэрыторыю Беларусі.
Усе дроны-камікадзэ зайшлі ў паветраную прастору Беларусі з тэрыторыі Украіны, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
Уваход дронаў адбыўся ў Палескім запаведніку, яны рухаліся курсам на Брагін і Хойнікі, а таксама праходзілі праз так званы беларускі калідор.
Усе ўваходы фіксаваліся з 23:51 да 00:59. Пры гэтым авіяцыя ў неба не ўздымалася.
Нагадаем, што цягам снежня ў Беларусь зайшлі ўсяго 145 расейскіх дронаў. Агулам жа за 2024 год былі зафіксаваныя 395 беспілотнікаў – гэта рэкордная колькасць з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.
Асабліва актывізаваліся расейскія «Шагэды» над тэрыторыяй Беларусі ўвосень 2024 года. У некаторых выпадках беспілотнікі перахоплівае беларуская авіяцыя. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў ваколіцах Гомля ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было.
Жыхары Хойніцкага раёну 14 кастрычніка стварылі на сайце petitions.by петыцыю з просьбаю да ўладаў абараніць іх і асабліва дзяцей ад беспілотнікаў, якія ўсё часцей залятаюць на тэрыторыю Гомельскай вобласці.
Раман Шавель belsat.eu