навіны

«Выдатная магчымасць вярнуць Беларусь на парадак дня». Польшча пераняла ад Вугоршчыны старшыняванне ў Еўразвязе

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Польшчы і Еўразвязу. Варшава, Польшча. Фота: alex.ch / Flickr, CC BY-NC 2.0
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі Польшчы і Еўразвязу. Варшава, Польшча. Фота: alex.ch / Flickr, CC BY-NC 2.0
podpis źródła zdjęcia

Цяпер суседняя з Беларуссю краіна будзе каардынаваць працу Рады Еўрапейскага Звязу. Сваё старшыняванне Польшча правядзе пад слоганам «Бяспека, Еўропа!». 

- Год будзе вызначальным для нашай бяспекі. Мы часта хвалюемся ўнутранымі праблемамі. Але я хачу сказаць, што польскае старшыняванне ў Радзе будзе ў значнай ступені прысвечанае пытаннямі менавіта бяспекі, - упэўнены прэм‘ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

У апублікаванай праграме старшынявання ўзгадваецца Беларусь. Але як адная з крыніцаў небяспекі для Еўразвязу. Напрыклад, гэткаю польскія чыноўнікі лічаць арганізаваныя ўладамі Беларусі атакі мігрантаў на польскую, літоўскую і латвійскую межы.

- Ці будуць нейкія прапановы для Беларусі ці Лукашэнкі? Я думаю, гэта магчыма нават падчас гэтага прэзідэнцтва. Але калі зменіцца нешта глабальна. Нават калі гэта будзе ініцыятыва Польшчы, а фактар глабальных зносінаў Захаду з Расеяй… - кажа Міхал Патоцкі, журналіст «Dziennik Gazeta Prawna». 

Падтрыманне дэмакратычных сілаў Беларусі ў праграме не прапісанае. Аднак польскія ўлады абяцаюць яе на словах. Тэму абмяркоўвалі яшчэ ў сярэдзіне снежня падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб‘яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі і намесніцы міністра замежных справаў Польшчы Гэнрыкі Масьціцкай-Дэндыс. Адной з галоўных падзеяў мае стаць анансаваны польскім МЗС Касцюшкаўскі форум. У лютым прадстаўнікі дэмакратычных сілаў сустрэнуцца на ім з кіраўнікамі міністэрстваў замежных справаў краінаў Еўразвязу.

- Для нас гэта выдатная магчымасць вярнуць Беларусь на парадак дня. Падняць тэму палітвязняў, якая блізкая Польшчы праз асобу Пачобута. І тэму незалежнасці Беларусі, і тэму падтрымкі незалежным медыям, тэлеканалу «Белсат», і беларускім праваабаронцам. Для нас гэта важны час, каб беларускае пытанне прагучала і ў Варшаве, і ў Бруселі, і ў іншых сталіцах, - кажа Франак Вячорка, дарадца кіраўніцы Аб‘яднанага пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай

Польшча плануе вярнуць страчаны за часамі старшынявання Вугоршчыны прыярытэт падтрымання Украіны. Акрамя таго, польскі прэм‘ер Туск падкрэсліваў, што неабходна дамагацца, каб у працэс магчымых перамоваў паміж Расеяй і ЗША былІ на роўных залучаныя як сама Украіна, так і краіны ЕЗэ. Пры гэтым у выказваннях еўрапейскіх палітыкаў удзел Беларусі ў такіх перамовах увогуле не згадваецца.

- Удзелу дэмакратычных сілаў я не чакаў бы. Тут увогуле стаіць пытанне, ці будзе прадстаўлены на гэтых перамовах Лукашэнка. Лукашэнку, напэўна, хацелася б, але залежыць не ад яго. А залежыць ад Расеі і ЗША перадусім, - кажа Міхал Патоцкі.

Таксама Польшча плануе працягваць санкцыйны ціск. У прыватнасці, у польскім плане дзеянняў асобна агаворваецца рэалізацыя мытнымі органамі краінаў ЕЗэ ўжо прынятых абмежаванняў.

- Пагроза закрыцця мяжы для тавараў, грузавікоў – гэта было б моцным ударам і па Лукашэнку, і па Пуціну. У тым ліку ён мог бы прывесці да вызвалення палітвязняў. Але пакуль няма такой яснай пазіцыі і кансэнсусу ў гэтым пытанні. Таму што гэта ўдарыць у тым ліку па бізнесовых інтарэсах і кампаніяў, і дзяржаваў, - лічыць Франак Вячорка.

Польшча будзе старшынёю Рады Еўразвязу роўна паўгода, да трыццатага чэрвеня. Наступнай краінаю-старшынёю стане Данія.

Антон Бяздольны belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10