У Сейме Літвы новага склікання стварылі міжфракцыйную дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь».
Узначаліў групу Юозас Олякас, першы намеснік старшыні Сейму Літвы. Ягоны намеснік – Жыгімантас Павілёніс, намеснік старшыні Камітэту міжнародных справаў літоўскага парламенту.
У склад групы таксама ўвайшлі прадстаўнікі асноўных фракцыяў Сейму.
,,«Гэта тая канфігурацыя, да якой мы імкнуліся. Папярэднія кансультацыі далі свае вынікі. Юозас і Жыгіс – зубры літоўскай палітыкі, дасведчаныя ў міжнародных справах і ўплывовыя ў сваіх партыях. Нам не патрэбны час на прыцірку, абмеркаванне планаў супрацы ўжо распачатае», – пракаментаваў стварэнне групы Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай у справе канстытуцыйнай рэформы і парламенцкай супрацы.
Са словаў беларускага палітыка, задача-мінімум для групы – не пагоршыць прававога стану беларусаў у Літве. Задача-максімум – «па выніках рэвізіі адмяніць пункты, што працуюць на карысць рэжыму і супраць прыхільнікаў пераменаў у Беларусі», і «выпрацаваць план супольных дзеянняў, скіраваных на перамены ў Беларусі».
Групы «За дэмакратычную Беларусь» створаныя ў парламентах 24 краінаў свету. 24-й на пачатку 2024 года сталася Фінляндыя. У 2023 годзе гэтыя групы аб’ядналіся ў альянс.
Марыя Міхалевіч belsat.eu