навіны

Азербайджанскі эксперт: Крамлю не ўдасца пазбегнуць адказнасці за збіты самалёт

Самалёт авіякампаніі «Азербайджанскія авіялініі», што разбіўся ў Казахстане 25 снежня 2024 года. Фота: @qr_tjm / Telegram
Самалёт авіякампаніі «Азербайджанскія авіялініі», што разбіўся ў Казахстане 25 снежня 2024 года. Фота: @qr_tjm / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Фархад Мэмэдаў, дырэктар Цэнтру даследаванняў Паўднёвага Каўказу, у каментары «Белсату» расказаў, як зменяцца стасункі Баку і Масквы пасля таго, як прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў публічна абвінаваціў Расею ў збіцці азербайджанскага самалёта.

Фархад Мэмэдаў адзначыў, што ў сваіх размовах з Уладзімірам Пуціным і ў інтэрв’ю азербайджанскім медыям Ільхам Аліеў акрэсліў тое, чаго ён хоча ад Расеі: прабачэнняў за збіццё самалёту, пакарання вінаватых і кампенсацыі пацярпелым.

«Прэзідэнт Азербайджану адзначыў, што, на жаль, цягам трох дзён мы бачылі з расейскага боку працісканне розных версіяў, прапанову лакалізаваць расследаванне гэтага інцыдэнту ў межах авіяцыйнага камітэту СНД, што было адхілена з боку Азербайджану. І мы не чулі выбачэнняў. На сёння ў нас ёсць прабачэнні прэзідэнта Пуціна, што былі ўчора, але гэта былі прабачэнні за адказнасць у паветранай прасторы», – сказаў эксперт.

Паводле яго, Крэмль мог бы ўзяць на сябе віну і «закрыць тэму», «але расейскі бок, я так разумею, выбраў іншы шлях». У выніку Баку пачынае задаваць дадатковыя пытанні: чаму самалёт не быў прыняты іншымі аэрапортамі і чаму не было закрытае неба, калі ідуць актыўныя баявыя дзеянні.

,,

«Каб не было гэтых пытанняў, трэба было на самым пачатку прызнаць віну. Гэтага не адбылося, таму пытанні будуць заставацца. І кожны элемент перыяду расследавання будзе суправаджацца велізарнай інфармацыйнай бурбалкаю. Якая будзе, скажам так, адкрыта антырасейскаю», – адзначыў Мэмэдаў.


Эксперт нагадаў, што Азербайджан не далучаўся да санкцыяў супраць Расеі за вайну ва Украіну і чакае да сябе «такога ж стаўлення, якое ў нас да Расейскай Федэрацыі». Паводле яго, расследаванне авіякатастрофы будзе «іспытам на трываласць» двухбаковых стасункаў. І яго б не было, калі б Крэмль адразу прызнаў сваю віну.

«За гэтыя тры дні, і прэзідэнт гэта адзначыў, мы ўбачылі розныя версіі – ад птушак да выбуху газавага балона. Мы ўбачылі, што розныя вежы Крамля дзейнічаюць па-рознаму. Але Азербайджан ясна даў зразумець, што нас не цікавіць спецыфіка стасункаў Масквы і Чачэніі і гэтак далей. Для нас гэта суб’ект Расейскай Федэрацыі, і гэта Расейская Федэрацыя, гэта збройныя сілы Расейскай Федэрацыі», – падкрэсліў Мэмэдаў.

Ён адзначыў, што Масква зацікаўленая ў тым, каб найхутчэй закрыць гэтае пытанне, бо «інфармацыйны шум вельмі вялікі і выкарыстоўваецца супраць Расеі». Аднак, дадаў эксперт, Крэмль не робіць адпаведных крокаў, якіх чакае Баку.

Мэмэдаў не думае, што супрацьстаянне ў гэтым пытанні спрычыніцца да скарачэння існых двухбаковых стасункаў, але «мы, магчыма, не пачнём нічога новага» або будуць зацягвацца новыя праекты.

,,

«Усё гэта будзе залежаць ад таго, як сябе будуць паводзіць у Крамлі. Прэзідэнт Азербайджану ясна даў зразумець, што разнастайнымі метадамі развесці гэтую тэму нейкімі іншымі версіямі, адказнасці пазбегнуць не ўдасца. І калі ў Крамлі прымуць пастановы нейкія захады рабіць супраць Азербайджану, мы гэта бачылі ў мінулыя гады, Азербайджан будзе таксама адпаведна рэагаваць. Гэты інцыдэнт і стаўленне да яго – чарговы іспыт. Я думаю, што пакуль расейскі бок гэты іспыт не вытрымлівае», – заключыў эксперт.


Нагадаем, 25 снежня каля гораду Актаў у Казахстане разбіўся самалёт «Embraer 190», што выконваў рэйс J28243 з Баку ў Грозны. На яго борце былі 67 чалавек – 62 пасажыры і пяць членаў экіпажу. Пасля ўзнікнення пазаштатнай сітуацыі на борце дыспетчары адмовілі яму ў пасадцы ў Грозным і Махачкале. Лайнер некалькі разоў спрабаваў здзейсніць вымушаную пасадку і быў перанакіраваны праз Каспійскае мора ў Казахстан.

Не даляцеўшы да аэрапорту Актаў некалькі кіламетраў, самалёт упаў пасярод стэпу і выбухнуў. Насавая частка цалкам згарэла, хваставая адвалілася і ацалела. Менавіта ў ёй былі 29 пасажыраў, якія выжылі. Іх даставілі ў шпіталь Актаў. Пазней сталася вядома, што прычына непаладак у самалёце – вонкавае ўздзеянне, а менавіта абстрэл з расейскіх сродкаў СПА. Уладзімір Пуцін выказаў прабачэнні прэзідэнту Азербайджану Ільхаму Аліеву ў сувязі з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі. Але Аліева гэта, падобна, не задаволіла, і 29 снежня ён пацвердзіў, што самалёт атрымаў пашкоджанні ў выніку абстрэлу з зямлі.

Аліеў падкрэсліў, што, нягледзячы на відавочныя факты, некаторыя колы ў Расеі аддавалі перавагу версіі пра нібыта сутыкненне лайнера з птушкамі.

,,

«Адным з момантаў, які нас засмуціў і здзівіў, было тое, што расейскія афіцыйныя структуры высунулі версіі пра выбух нейкага газавага балона. То бок гэта адкрыта паказвала, што расейскі бок хоча замяць пытанне, і гэта, вядома, нікому не робіць гонару», – сказаў Аліеў.


Азербайджанскі прэзідэнт падкрэсліў, што, вядома, самалёт быў збіты не наўмысна. Аднак, на думку Аліева, прызнаць сваю віну, своечасова выказаць прабачэнні Азербайджану, што лічыцца дружалюбнай краінаю, і данесці гэта да грамадскасці – усё гэта захады і крокі, якія неабходна было зрабіць. «На жаль, першыя тры дні мы не чулі ад Расеі нічога, акрамя версіяў, поўных трызнення», – сказаў кіраўнік дзяржавы.


Канстанцін Карней, Якуб Хруст belsat.eu, vot-tak.tv

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10