навіны

Каму Аляксандр Кныровіч уручыў бы антыпрэмію за эканамічныя дасягненні

Ілюстрацыйны здымак. Сям'я збірае бульбу ў Карэлічах, Беларусь. Фота: Pierre Crom/Getty Images
Ілюстрацыйны здымак. Сям'я збірае бульбу ў Карэлічах, Беларусь. Фота: Pierre Crom/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Эканамічны вынік года – у кожнага свой, але ўплывалі на яго і рэчы агульныя. Напрыклад, цэны, што для ўсіх аднолькавыя. Сёлета быццам выходзім на запланаваную ўрадам і Нацбанкам інфляцыю 5,5–6 %. Але стрыманая рэгуляваннем коштаў адкладзеная інфляцыя, як тая змяя, перапаўзе ў наступны год.

Апошнім крокам, зробленым дзеля стрымання інфляцыі, сталася забарона на вываз бульбы за мяжу.


«Бо ў Расеі кошты на беларускую бульбу на 50–70 % вышэйшыя за беларускія. Гэта магло б пацягнуць уверх цэны і паўплываць на інфляцыю перад самымі выбарамі. Таму гэта было зробленае наўмысна», – кажа Аляксандр Кныровіч.


У сваёй праграме «Атмасфера» ён звычайна ўрачыста ўзнагароджвае самыя… неадназначныя эканамічныя пастановы і падзеі года. Аляксандр Кныровіч заяўляе, што ўручыў бы першую антыпрэмію за эканамічныя дасягненні «Залатую морквіну» міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксею Багданаву ўласна за стрыманне экспарту бульбы.


«Забараніць вываз бульбы з Беларусі – падобна да забароны на вываз пяску з Сахары ці снегу з поўначы Расеі. Таму ён з гэтым загадам быў бы на першым месцы ў нашым сёлетнім рэйтынгу. На другім, канешне, сам Лукашэнка. Ён заўжды ў нас у топах. Гэтым разам ён загадаў зрабіць беларускі мабільнік у той самы момант, калі дзесьці ў Ліване выбухнулі пэйджары. Загадаў і адклаў свой асабісты. І трэцяе месца – для Менскага трактарнага заводу за нетрадыцыйную вытворчасць. Гэта, вядома, беларуская сякера ад МТЗ коштам 132 рублі. Мне здаецца, гэта «дасягненне» беларускай прамысловасці», – тлумачыць Кныровіч.

«Польскі БелАЗ» – «Kronos 7555». Фота: Polmark-kielce.pl

«БелАЗ» абыходзіць санкцыі праз продаж сваіх самазвалаў як «польскіх». Расследаванне

Гісторыі

Нягледзячы на песімістычныя прагнозы, і ў 2024 годзе беларуская эканоміка выстаяла, хоць яе стан узорным не назавеш.


«Адносная стабільнасць 2024 года з аднаго боку падтрымлівалася заробкамі, з іншага – былі надзеі (у пэўнай ступені апраўданыя, у пэўнай ступені – не) на расейскі рынак. Гаворка пра інвестыцыі, што вылучаліся на падключэнне беларускіх прадпрыемстваў да забеспячэння расейскага ваенпраму. Гэта магло быць пэўным стымулам росту. Але, мяркуючы з лічбаў, аніякага асаблівага прарыву тут не адбылося. Было латанне дзірак у выніку страты заходняга рынку», – перакананы эканаміст Аляксей Харкевіч.


Заплатак не стае. Таму сёлета рэжым працягваў ушчыльняць сетку фірмаў-пракладак, праз якія экспартуе забароненыя санкцыямі тавары. Журналісты-расследавальнікі, у тым ліку «Белсат», выкрылі дзясяткі гандлёвых схемаў. Адна з іх – партыі разабраных машынаў «БелАЗ» на зборку ў Польшчы.

Вызваленая з-пад санкцыяў «Белшына» паказала Еўразвязу, што ісці ёй насустрач было не варта – «абувае» расейскую вайсковую тэхніку. Прыклад беларускай якасці і бяспекі... – аўтобусы МАЗ – увесь год гарэлі і ў Беларусі і ў Расеі, лякаючы пасажыраў і мінакоў. Затое профільным чыноўнікам удалося ўтрымаць золатавалютныя рэзервы і валавы ўнутраны прадукт на ўзроўні 2023 года (ЗВР выраслі не ў аб'ёме, а праз рост цаны на золата).

,,

«Мяккая эканамічная палітыка дзяржавы, то бок прывабныя стаўкі ў крэдытах, адносна мяккая фіскальная палітыка, стымуляцыйная эканамічная палітыка, прыводзіла да актыўнага росту ВУП», – патлумачыла экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.


Калі ў папярэднія 2 гады рэжым губляў грошы на падсанкцыйных калійных угнаеннях, то сёлета страты пачаліся і на другім паводле аб'ёмаў і прыбытку экспартным кірунку. Эканоміка Беларусі засталася без ільготаў на расейскую нафту. Пры гэтым прыпыненыя перамовы з Масквою адносна кампенсацыі Менску стратаў ад гэтага «падатковага манеўру» Крамля.


«Вынікі можам бачыць у скарачэнні прыбытковасці. Раней нашая нафтавая галіна была адной з найбольш прыбытковых і за кошт падатку на прыбытак давала добра ў бюджэт. Цяпер гэтага не адбываецца», – канстатаваў Аляксей Харкевіч.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: unsplash.com
Ілюстрацыйны здымак. Фота: unsplash.com

Папрасілі фінансіста і эканаміста Віталя Алейніка назваць праекты айчыннай эканомікі, якімі можна ганарыцца... Эксперт прызнаецца: не знайшоў. Затое адзначыў, што непадуладныя рэжыму беларусы паказваюць клас:


«Мільён долараў інвестыцыяў, што прыцягнула нашая неймаверная Наталля Міранчук, якая развівае стартап «Solo» ў сферы жаночага здароўя. Гэта і фенаменальныя поспехі кампаніі «Perplexity» – пошукавай сістэмы на базе штучнага інтэлекту. Дасягненні стартапу ў сферы Healthtec – кампаніі «Flo» нашага выбітнага новага адзінарогу заснавальніка-прадпрымальніка Змітра Гурскага, што скарае ўвесь свет», – кажа Алейнік.


Віталь Алейнік уважае гэтыя праекты прыкладам патэнцыялу і нязломнасці беларусаў і прыгадвае радкі з «Санету» Максіма Багдановіча: «Хоць зернейкі засохшымі былі (як гэта цяпер у эканоміцы Беларусі), усё ж такі жыццёвая іх сіла (якая захоўваецца нашымі людзьмі, прадпрымальнікамі за мяжою) збудзілася і буйна ўскаласіла парой вясновай збожжа на раллі».


Дзе кожны каласок – створаны беларусамі бізнес, іхнае навучанне ці перспектыўная праца. Гэта азначае, што ў наступным годзе будзе і хлеб, і «на хлеб», і нават на масла, хоць і не заўжды беларускай вытворчасці.


Юлія Цяльпук belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10