Аляксандр Лукашэнка паляцеў у Расею на нефармальны саміт СНД, які праходзіць у Санкт-Пецярбурзе 25 снежня. Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што не прыедзе.
Нефармальны саміт СНД праходзіць штогод.
«Лідары краінаў Садружнасці падвядуць вынікі года і абмяркуюць перспектывы інтэграцыйнага ўзаемадзеяння», – паведамляе тэлеграм-канал «Пул Первого».
Акрамя таго, 26 снежня ў Санкт-Пецярбурзе адбудзецца паседжанне Найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету.
«Сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў пройдзе ў вузкім і пашыраным складах. У парадак дня паседжання ўключана каля двух дзясяткаў пытанняў», – адзначаецца ў паведамленні.
Плануецца, што падчас сустрэчы абмяркуюць у тым ліку фармаванне агульных рынкаў энергарэсурсаў і далейшую гарманізацыю заканадаўства.
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што не паедзе на сустрэчу 25 снежня. Ён распавёў, што напярэдадні ён атрымаў станоўчы вынік тэсту на COVID-19. У дзень сустрэчы тэст ужо быў адмоўны, аднак палітык, маўляў, падумае, ці ехаць на паседжанне 26 снежня.
Раней Арменія замарозіла ўдзел у АДКБ на ўсіх узроўнях, а Пашыньян сказаў, што ніколі не прыедзе ў Беларусь, пакуль там кіруе Лукашэнка.
Арсен Рудэнка belsat.eu