Кожны трыццаць пяты жыхар планеты вымушана жыве або працуе за межамі сваёй радзімы, паведамляе Арганізацыя Аб‘яднаных Нацыяў. Міжнародную канвенцыю аб абароне правоў усіх працоўных мігрантаў і чальцоў іхных сем‘яў Генасамблея ААН прыняла васямнаццатага снежня 1990 года. Дакумент, што апісваў захады ў паляпшэнні становішча перасяленцаў, ратыфікавалі пяцьдзясят пяць дзяржаваў, у тым ліку і Беларусь.
«Бяспека знаходжання ў краіне і доступ да базавых даброт, у тым ліку да працы, з‘яўляюцца асноўнымі правамі чалавека. Беларусь, як і іншыя краіны, павінна гарантаваць гэтыя рэчы», – кажа праваабаронца ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў.
Замест жа падтрымання і прытулку ў Беларусі перасяленцы сутыкаюцца з выпрабаваннямі.
,,«Беларусы крычалі: “пайшлі прэч, ідзіце ў Польшчу хутчэй!” За два дні мы спрабавалі перайсці мяжу 10 разоў. Беларускія сілавікі шалелі, хацелі сконцыць усё як мага хутчэй. Але мы не разумелі, у чым нашая віна», – распавядаў мігрант з Іраку Мудхафар Дхахэрадзін.
Мудхафар Дхахэрадзін апынуўся ў Беларусі ў 2021 годзе, падчас піку памежнага крызісу.
Вячаслаў Касінераў дічыць, што гэта фактычна спецаперацыя, якую праводзяць супрацоўнікі спецслужбаў, каб выкарыстоўваць людзей і наносіць палітычныя і маральныя ўдары па Еўразвязу.

Паводле праваабаронцаў, людзей дагэтуль прывозяць да мяжы групамі і вымушаюць штурмаваць плот. Тых жа, хто хоча вярнуцца ў Беларусь, збіваюць і вяртаюць назад. З пачатку міграцыйнага крызісу праз пабоі і адсутнасць медычнай дапамогі на беларускім памежжы загінулі 120 асобаў. Гісторыю хлопца, які згубіў жыццё ў лесе каля Берасця, распавёў ягоны бацька.
,,«У 20 гадоў у сына пачалася хвароба хрыбетнага нерву. Мы спрабавалі дапамагчы яму тут, у Іраку, але гэта аказалася немагчымым. Візу ў Нямеччыну, нам не далі. Таму я пастанавіў, каб сын ехаў праз Беларусь. Я не хацеў, каб ён загінуў», – кажа бацька загінулага ў Беларусі мігранта Дэлер Ізмаіл Махмуд.
Для большасці мігрантаў менавіта Нямеччына ёсць канчатковым пунктам маршруту. Паводле праваабарончай арганізацыі «Human Constanta», летась праз Беларусь у гэтую краіну трапілі больш за 12 тысяч асобаў. Большасць з іх – грамадзяне Афганістану, Сірыі і Самалі.
«Гэта краіны і іх грамадзяне, для якіх атрыманне візы ў еўрапейскую дзяржаву амаль немагчымае. Гэта, безумоўна, праблема Шэнгена і складанай міграцыйнай палітыкі для пэўных краін. Гэта адна з галоўных прычын, чаму людзі выбіраюць гэтыя небяспечныя шляхі», – тлумачыць экспертка Human Constanta Эніра Браніцкая.
У еўрапейскіх краінах жыццё перасяленцаў ускладняецца праз ксенафобію. Часцяком у медыях наплыў мігрантаў падаюць выключна негатыўна: маўляў, замежнікі дрэнна асімілююцца і не падпарадкоўваюцца мясцовым законам. Аднак у прытоку людзей з іншых краінаў ёсць і плюсы.
,,«Гэта чалавек, які будзе працаваць, калі яму дапамагчы інтэгравацца ў рынак працы. Гэты чалавек можа спрыяць павышэнню нараджальнасці ў краіне. Праблема ў інтэграцыйным працэсе, які, нягледзячы на шматгадовую міграцыю, у некаторых краінах арганізаваны вельмі слаба», – распавядае Эніра Браніцкая.
Як гэта – быць мігрантам – адчулі і многія беларусы. Паводле сацыёлага Генадзя Коршунава, з 2020 года гэты статус атрымалі каля 600 тысяч нашых суайчыннікаў. Лічы, цягам чатырох гадоў з палітычных і эканамічных прычынаў з краіны з’ехалі ўсе жыхары Барысава, Пінску, Мазыра, Ліды і Воршы. Большая частка беларускіх перасяленцаў цяпер будуе жыццё ў суседніх Польшчы, Літве і Латвіі.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Кацярына Гардзеева, «Белсат»