навіны

Час вяртаць пазыкі. Колькі Беларусь вінная іншым дзяржавам?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Вонкавы дзяржаўны доўг Беларусі летась склаў 14,47 млрд долараў. Раней Аляксандр Лукашэнка ацаніў гэткі паказнік «усяго» ў траціну ад дзяржаўнага ВУП, заявіўшы, што ў высокаразвітых краінах ён у разы перавышые такі ўзровень. Ці сапраўды ўсё так пазітыўна, мы пацікавіліся ў экспертаў.

Айчынныя ж чыноўнікі гэтай інфармацыі не публікуюць. Міністэрства фінансаў засакрэціла сумы даўгоў яшчэ два гады таму.

«Гэта вельмі дзіўна, што яны не публікуюць, таму што для нас гэта гучыць добра: дзяржаўны доўг, у параўнанні з апошнімі гадамі, паменшыўся. Але для эканамістаў гэта не вельмі добры сігнал. Гэта дэманструе, што менш даверу краіне і ёй менш даюць грошай, менш крэдытаў», – тлумачыць доктар навук, эканаміст, прадпрымальнік Яраслаў Кот.

Большая частка дзяржаўных пазыкаў летась прыйшлася на Расею. Так званай сяброўскай краіне Беларусь вінная 7,75 млрд долараў. У топ-пяць крэдытораў беларускага ўраду ўвайшлі таксама трымальнікі аблігацыяў, Еўразійскі банк развіцця, Кітай ды Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. 

Паліталагіня, экспертка адзелу Аналіза і стратэгіі Офіса Святланы Ціханоўскай Аліна Харысава падкрэсліае, што менавіта доўг перад Расеяй вельмі моцна ўплывае на палітычную самастойнасць нашай краіны:

,,

«У тым ліку таму, што ён пастаянна павялічваецца. Рэжым у Расеі можа маніпуляваць Лукашэнкам, бо для яго надзвычай важная ўлада, ён імкнецца ўтрымаць яе як мага даўжэй. Без падтрымкі Расеі зрабіць гэтага ён не зможа».


Аднак пазычаныя цяперашняй уладай грошы трэба вяртаць. Налета выплаты паводле дзяржаўных крэдытаў складуць рэкордныя 4,5 млрд долараў. Улады пастанавілі пакрыць 75 % ад сумы пільных выплатаў новымі крэдытамі. Грошы паспрабуюць узяць, ізноў жа, ад Расеі і Кітаю.

«Кітай заўсёды рады купіць краіну новую. Яны актыўна гэта робяць і ў Афрыцы, і вось у Беларусі, цэнтры Еўропы, адхапіць сябе краіну было б для іх вельмі цікава», – кажа Яраслаў Кот.

Ускладняе выплаты і валюта, у якой некалі браліся пазыкі: асноўная частка з іх намінаваная ў доларах ЗША – іх жа паступленне ў дзяржаўны скарб цяпер абцяжаранае санкцыямі. Аднак улады захоўваюць аптымізм:

«Цяпер гэты долар павольна пачынае падаць. Таму што заўтра ён нікому не спатрэбіцца», – заяўляў Лукашэнка.

Гэтак, крэдыторы з «недружалюбных» краінаў замест дамоўленых платаў у доларах летась атрымалі траншы ў беларускіх рублях. Сродкі перавялі на рахункі ў «Беларусбанку». Відаць, гэткі крок паўтораць і сёлета.

,,

«Гэта фактычнае абвяшчэнне дэфолту ў краіне, бо яна цяпер не мае магчымасці выплаціць знешні доўг. Калі ўсе праграмы падтрымкі ад Еўрапейскага Звязу для Беларусі былі скарочаныя, новыя грошы перасталі паступаць, а старыя вяртаць няма жадання. Таму ўлада выкарыстоўвае такія маніпулятыўныя метады», распавядае Аліна Харысава.


Агульны жа вонкавы доўг Беларусі – пазыкі як ураду, так і дзяржаўных кампаніяў – летась дасягнуў 24,95 млрд долараў. Пасля ўсіх запланаваных выплатаў у дзяржаўным скарбе з’явіцца дзірка на 4,46 млрд рублёў. Менавіта з такім дэфіцытам складзены дзяржаўны бюджэт на наступны год.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10