У Менску ДАІ працягвае актыўна тэставаць сістэму аўтаматычнай фіксацыі парушэння правілаў дарожнага руху. Ужо перад каляднымі святамі кіроўцы пачнуць атрымліваць апавяшчэнні пра штрафы за паркаванне ў неналежных месцах.
Як піша «СБ. Беларусь сегодня», у Менску вызначылі 10 зонаў, дзе ў аўтаматычным рэжыме будуць выяўляць тых, хто не выконвае правілаў прыпынку і стаянкі. У ДАІ заявілі, што гэтыя зоны размешчаныя каля буйных перасадачных вузлоў, спартовых комплексаў і аб’ектаў рэспубліканскага значэння.
Адзначаецца, што інтэлектуальная сістэма ўжо ўмее распазнаваць рэгістрацыйныя знакі, што дазваляе выяўляць такія парушэнні ПДР, як адсутнасць тэхагляду і страхавання, рух па паласе грамадскага транспарту і гэтак далей.
У хуткім часе сістэма пачне рэгістраваць парушэнне правілаў перасячэння чыгуначных пераездаў у Менскай вобласці. З дапамогай штучнага інтэлекту плануецца выяўляць таксама парушальнікаў, якія рухаюцца ў забароненых для іх зонах: грузавы транспарт, які не можа выязджаць на цэнтральныя праспекты Менску, або матацыклістаў, якім нельга ўночы ездзіць па праспекце Незалежнасці і вуліцы Леніна.
Цяпер сістэма вучыцца выяўляць праезд на чырвонае святло. Робіць яна гэта на скрыжаванні вуліцаў Багдановіча і Шырокай. Праграма адсочвае, які сігнал святлафора гарыць у момант уезду транспартнага сродку на скрыжаванне і пры перасячэнні ім стоп‑лініі. У ДАІ Менску кажуць, што дакладнасць фіксацыі праезду на чырвонае святло амаль ідэальная. Сістэму фіксацыі праезду на чырвонае святло плануюць запусціць напоўніцу ў 2025 годзе.
1 лістапада ў Беларусі пачалі дзеяць новыя правілы нерэгулярных пасажырскіх зносінаў. Працаваць дазволена толькі тым, хто зарэгістраваўся ў адмысловым рэестры. Калі ж зловяць таксіста, які працуе без рэгістрацыі ў рэестры, парушэнне будуць разглядаць як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, а гэта пагражае нават канфіскацыяй аўта.
Улады абгрунтоўваюць неабходнасць новых правілаў клопатам пра бяспеку пасажыраў і жаданнем цалкам легалізаваць рынак, каб усе спраўна плацілі падаткі і не хавалі прыбыткаў. У выніку, паводле «Яндекс Go», у першыя дні працы рэестру колькасць кіроўцаў на лініі скарацілася ў сярэднім на 25 % у краіне і на 35 % у Менску. Пры гэтым моцна падаражэлі паездкі: у сярэднім чэк вырас у 2–2,5 разу. Адначасова істотна вырасла карыстанне грамадскім транспартам.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Якуб Хруст belsat.eu