Нястача кадраў і новыя правілы перавозаў – вось галоўныя прычыны новай рэальнасці.
«Калі спяшаецеся, лепш выбраць іншы транспарт», – такое паведамленне сёння пабачылі карыстальнікі мабільнай праграмы «Яндекс Go». Тлумачэнне простае: кіроўцаў на лініі менш, чым звычайна.
1 лістапада пачалі дзеяць новыя правілы пасажырскіх нерэгулярных перавозаў. Працаваць дазволена толькі тым, хто зарэгістраваўся ў адмысловым рэестры. Туды залучаюць звесткі пра:
- аўтаперавознікаў, у тым ліку таксоўкі;
- транспартавыя сродкі;
- кіроўцаў;
- дыспетчараў аўтаперавозаў;
- дыспетчараў таксі.
Калі ж зловяць таксіста, які працуе без рэгістрацыі ў рэестры, парушэнне будуць разглядаць як «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», а гэта пагражае нават канфіскацыяй аўта.
Спраўдзіць інфармацыю пра перавозніка ці кіроўцу можна на адмысловым сайце. Наўпрост можна паглядзець пералік дыспетчараў (іх больш за 2300). Каб атрымаць звесткі аб перавозніку ці кіроўцы, патрабуюцца дадатковыя дадзеныя: напрыклад, прозвішча з ініцыяламі, ідэнтыфікацыйны нумар, нумар транспартавага сродку.
Яшчэ да таго, як новыя правілы набылі моц, удзельнікі рынку крытыкавалі шмат якія змены. Напрыклад, аўтамабіль таксі мае выкарыстоўвацца толькі для працы: павёз сям’ю ў свой выходны, напрыклад, на рынак – парушэнне. У міністэрстве транспарту раней прапаноўвалі такое выйсце: «здымаць элементы афармлення», то бок рабіць так, каб вонкава машына не выглядала як таксоўка. А перад тым, як выходзіць на лінію, «элементы афармлення» патрэбна вяртаць.
Акрамя таго, незадаволенасць выклікала патрабаванне аб курсах павышэння кваліфікацыі для кіроўцаў, на якія патрэбна хадзіць раз на 5 гадоў. У Асацыяцыі прафесійных перавознікаў пасажыраў казалі, што не бачаць неабходнасці ў гэтай перападрыхтоўцы: чаму можна навучыць асобу, якая за стырном 10 або 20 гадоў?
У службе «Onetaxi» прызнаваліся: кіроўцы проста не хочуць на курсы або не маюць грошай, каб іх аплаціць. У выніку 60 % кіроўцаў гэтай кампаніі ў рэестры не зарэгістраваліся і, адпаведна, цяпер не маюць права працаваць.
Улады ж неабходнасць новых правілаў абгрунтоўваюць клопатам пра бяспеку пасажыраў і жаданнем цалкам легалізаваць рынак, каб усе спраўна плацілі падаткі і не хавалі прыбытак.

Бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч назваў цяперашнія змены «нармалізацыяй», якая абмежавала рынак:
«Гэта азначае, што рынак будзе перабудоўвацца, і мы бачым гэтую перабудову, бо частка перавознікаў, не толькі таксістаў, не захоча выконваць новыя ўмовы, адпаведна, яны сыдуць з рынку, таму што нармалізацыя прадугледжвае празрыстасць і справаздачнасць дзейнасці».
Кныровіч мяркуе, што некаторыя кампаніі пакідалі рэгістрацыю ў рэестры на апошні момант, таму бліжэйшым часам пералік яшчэ мае папоўніцца, аднак у любым выпадку, як ён кажа, удзельнікаў рынку паменее:
«А гэта азначае натуральны пэўны рост цэнаў да раўнаважнага стану. Усё адно за гэта заплацяць спажыўцы. Любыя рэгулюючыя захады – новы рэестр, новыя ліцэнзіі ці яшчэ што – адбіваюцца на кошце перавозаў».
«Змены я заўважыў улетку», – кажа «Белсату» мянчук, які даволі часта ездзіць на таксоўцы. Паводле ягоных сведчанняў, у Менску паболела кіроўцаў-мігрантаў:
,,«У Менску рэзка вырасла колькасць кіроўцаў – нарадзінцаў Цэнтральнай Азіі. Мяркую, гэта звязана з тым, што на іх ціснуць у Расеі. Адзін кіроўца расказаў мне, што пераехаў з сям’ёй, здымае кватэру за $ 300, і яму вельмі падабаецца ў Беларусі: маўляў, яго ніхто тут не крыўдзіць, і тут няма адчування, што адна нацыя галоўная і лепей за іншыя».
Паездкі падаражэлі і да цяперашніх пераменаў, працягвае наш суразмоўца:
«У сярэднім чэк вырас у 2–2,5 разы. Два гады таму паездка ў прыгарад мне каштавала максімум 40 рублёў, цяпер – 80».
Сёння паездка тым жа маршрутам падаражэла яшчэ: да 87,5 рубля. «Яшчэ ўчора ўсё было ОК», – сцвярджае хлопец.

На цэны, што падскочылі, і на доўгае чаканне таксовак сёння скардзілася багата менчукоў: нехта і цягам гадзіны не мог знайсці машыну. Гэта пры тым, што кіроўцы ахвотна выходзілі на працу, бо «Яндэкс» прапанаваў «прывабны каэфіцыент ды іншыя бонусы».
Падобна, багата кіроўцаў і перавознікаў пастанавілі не рэгістравацца ў рэестры, і гэта наклалася на іншую праблему, актуальную для ўсёй Беларусі: нястачу кадраў. Проста зараз у рэспубліканскай базе больш за 10 тысячаў вакансіяў для кіроўцаў.
Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі раней тлумачыў, што працоўных рук бракуе праз сталенне насельніцтва і «адносна высокую эміграцыю».
Дарэчы, цяперашняя «нармалізацыя» перавозаў можа стаць не апошнім крокам уладаў: надоечы міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прызнала «Яндэкс Go» манапалістам на рынку таксі. На агрэгатара з усяе моцы абрынулася антыманапольнае заканадаўства Беларусі: абавязак не дапускаць дыскрымінацыі пры доступе спажыўцоў да паслугаў, а таксама манапольна высокіх або манапольна нізкіх цэнаў, тлумачыў дзяржаўным медыям першы намеснік міністра Іван Вежнавец.
«Нам мусяць даць алгарытм разліку вось гэтых “гарачых гадзінаў”, як фармуюцца павышаныя каэфіцыенты, зыходзячы з іхнай матэматычнай мадэллю, што, як яны кажуць, закладзеная ў праграмным прадукце», – паведаміў таксама чыноўнік, маючы на ўвазе падаражэнне паездак нават у добрае надвор’е і не ў сама розрух.
Праўда, не факт, што антыманапольныя рухі ў дачыненні «Яндэксу» прывядуць да рэгулявання коштаў уласна паездак: праз колькі дзён МАРГ растлумачыў, што беларускую юрыдычную асобу расейскай кампаніі прызналі манапалістам на рынку паслугаў у арганізацыі перавозаў. Гэты рынак датычыць толькі прыёму і перадавання замоваў ад пасажыраў перавознікам.
«Прадаўцы на гэтым рынку – дыспетчары (у тым ліку ўладальнікі інфармацыйных сістэмаў), а спажыўцы – перавознікі (у тым ліку таксапаркі з кіроўцамі і аўтамі) і пасажыры. Цана на рынку, што вывучаўся, – плата, якую бяруць з перавозніка за паслугу перадавання замоваў», – паведамілі чыноўнікі.
Такім чынам, рэгулявацца будуць толькі тарыфы, паводле якіх «Яндэкс» перадае замовы таксістам, і толькі ў Менску і Менскім раёне:
,,«Кошт паездкі для пасажыраў у межах рынку, што даследаваўся, не аналізаваўся, бо фармуецца ў межах іншага рынку».
Тым часам у Беларусі загаварылі пра новага гульца, які прыглядаецца да нашай краіны, – кітайскую кампанію «Didi», заснаваную ў 2012 годзе ў Пекіне. Цяпер яна працуе ў шмат якіх краінах Азіі і Паўднёвай Амерыкі.
Пра тое, што перамовы аб супрацы ідуць, паведаміла старшыня Асацыяцыі прафесійных перавознікаў пасажыраў Кацярына Станкевіч:
«Яны заходзяць са сваімі машынамі, аднак працаваць усё будзе на беларускім праграмным забеспячэнні. Зараз жа кампанія хоча паназіраць, як будзе развівацца сітуацыя ў лістападзе, як гэты рэестр будзе працаваць і наколькі жорстка сябе праявіць дзяржава. І калі ўсё будзе добра, то ўжо налета ў нас з’явіцца прыстойная альтэрнатыва “Яндэксу”. Прычым прыстойнай яна будзе не толькі для спажыўцоў, але і для перавознікаў і кіроўцаў».
Пры гэтым Аляксандр Кныровіч не ўпэўнены, што мы пабачым бітву расейскага і беларуска-кітайскага канкурэнтаў.
«Усё-ткі Кітай – краіна з іншымі правіламі. Адзначу, што 92 % кітайскай эканомікі – гэта прыватны бізнес, таму, нягледзячы на тое, што там камунізм, усё-ткі існуе вялікая розніца з беларускімі ўмовамі ў эканоміцы, так што паглядзім», – сказаў бізнесовец «Белсату».
Сцяпан Кубік belsat.eu