Акрамя таго, у Беларусі могуць скараціць працягласць дэкрэтнага адпачынку. Прычына – недахоп кадраў.
«На рынку працы назапашваюцца дысбалансы», – канстатаваў акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі ў аглядзе «Экспертный взгляд. Октябрь 2024».
Аналітык звярнуў увагу, што за год – ад леташняга жніўня да сёлетняга – лік занятых у эканоміцы скараціўся на 32,5 тысячы, а ўзровень беспрацоўя знізіўся да рэкордных 3 %. Зрэшты, Львоўскі прызнае, што гэты афіцыйны паказнік не адлюстроўвае рэальнага стану рэчаў:
«Грашовая дапамога для беспрацоўных настолькі нязначная, што не стымулюе людзей рэгістравацца ў гэтым статусе. Больш за тое, афіцыйная рэгістрацыя беспрацоўным цягне за сабою дадатковыя абавязанні, што робіць гэты статус непрывабным. У выніку шмат якія беларусы нават у перыяды эканамічных крызісаў аддаюць перавагу істотнаму скарачэнню заробку, каб толькі пазбегчы звальнення».
Сёння ў рэспубліканскай базе 170 тысячаў вакансіяў. Такую нястачу работнікаў эксперт тлумачыць сталеннем насельніцтва і «адносна высокай эміграцыяй», якая не спыняецца:
«Галоўныя кірункі выезду беларусаў – гэта краіны ЕЗ і Расея. Паводле Еўрастату, з 2020 года каля 500 тыс. грамадзянаў Беларусі легалізаваліся ў краінах Еўразвязу. Тады як адна частка насельніцтва з'язджае з краіны, другая сталее і выходзіць на пенсію, на змену ім прыходзіць адносна малалікае маладое пакаленне».
Прадпрыемствы, каб хоць неяк утрымаць працоўныя рукі, вымушаныя павышаць заробкі. Паводле эканамічных законаў, гэтыя дадатковыя выдаткі мусілі б адгукнуцца ростам цэнаў, але не ў Беларусі: папулісцкая дзяржава пастанавіла кантраляваць цэны, хаця насамрэч, як тлумачаць эканамісты, проста адтэрмінавала іх павышэнне.
Такім чынам, кампаніі багата чым ахвяруюць (напрыклад, змяншаюць інвестыцыі на пашырэнне бізнесу), аднак такое выцягванне сокаў з прадпрыемстваў не можа доўжыцца вечна і ўзмацняе эканамічныя рызыкі.
Пры гэтым Львоўскі заўважыў «нечаканы пабочны эфект нястачы адмыслоўцаў»: у дзяржсектары, дзе раней была празмерная занятасць, расце прадукцыйнасць працы, рэсурсы цяпер выкарыстоўваюцца больш рацыянальна.
А вось у прыватным сектары, дзе традыцыйна з прадукцыйнасцю працы ўсё было куды лепей, яна цяпер падае. Аналітык звязвае гэта з нястачаю кваліфікаваных кадраў:
«Ва ўмовах абмежаванага выбару сярод кандыдатаў кампаніі вымушаныя наймаць менш дасведчаных адмыслоўцаў, што зніжае агульны ўзровень кампетэнцыяў у параўнанні з мінулымі гадамі».
Гэтая, падавалася б, благая сітуацыя, наадварот, можа прывесці да станоўчых вынікаў: у прадпрыемстваў з’яўляецца стымул знаходзіць тэхналогіі, што павышаюць прадукцыйнасць. Праўда, для гэтага патрэбныя інвестыцыі, а, як мы ўжо ведаем, з імі ў краіне напружаная сітуацыя.

Акадэмічны дырэктар цэнтру BEROC нагадаў, як дзяржавы звычайна змагаюцца з недахопам работнікаў: прыцягваюць імігрантаў, вяртаюць эмігрантаў, больш эфектыўна выкарыстоўваюць існыя працоўныя рэсурсы і стымулююць нараджальнасць. Аднак у нашым выпадку развязанне эканамічнай праблемы ўпіраецца ў палітычныя рэаліі.
Высокакваліфікаваныя імігранты могуць асцерагацца ехаць у «стабільную і квітнеючую» Беларусь з увагі на, як дыпламатычна піша Львоўскі, «грамадска-палітычную сітуацыю і эканамічную нестабільнасць, звязаную ў тым ліку з санкцыямі», а нізкакваліфікаваная працоўная сіла з-за мяжы развяжа праблему толькі часткова.
Для таго каб беларусы вярнуліся з выгнання, трэба сур’ёзныя палітычныя перамены. Калі эмігрантаў, якія з’ехалі па грошы, яшчэ можна неяк прывабіць эканамічнымі захадамі, то для вяртання палітычных эмігрантаў неабходная «глыбокая грамадская і палітычная трансфармацыя»:
«Заканчэння рэпрэсіяў для гэтага можа аказацца недастаткова. Трэба зрабіць так, каб людзі паверылі, што гэта не паўторыцца, то бок даць пераканаўчыя гарантыі бяспекі тым, хто ўдзельнічаў у пратэстах, пачаць адкрыты дыялог паміж урадам і грамадствам для ўзнаўлення даверу».
Пры гэтым, калі прыгледзецца, у Беларусі можна вышукаць «унутраныя рэзервы». Гаворка ідзе пра людзей, чыёй працы не выкарыстоўваюць рацыянальна, напрыклад, прадстаўнікоў дыскрымінаваных групаў:
«Гэта нацыянальныя меншасці, жанчыны, людзі сталага веку. Ёсць у нас дыскрымінацыя паводле палітычных поглядаў, паводле інваліднасці. Наяўнасць такой няроўнасці стварыла вялікі недавыкарыстаны рэзерв».
Яшчэ адным выйсцем можа быць скарачэнне дэкрэтнага адпачынку пры ўмове стварэння адпаведнай інфраструктуры для падтрымання сямей.
І, нарэшце, спее непапулярная пастанова аб павышэнні ўзросту выхаду на пенсію:
,,«Таксама як адзін з інструментаў можа разглядацца павышэнне пенсійнага веку для жанчын і ўраўноўванне яго з узростам для мужчынаў. Хаця такія захады звычайна не карыстаюцца шырокай папулярнасцю, у доўгатэрміновай перспектыве іх рэалізацыя непазбежная».
Акрамя таго, было б рацыянальным «вялікае перасяленне работнікаў».
«Шмат якія дзяржаўныя прадпрыемствы хранічна стратныя, аднак падтрымліваюцца за кошт крэдытаў і бюджэтных субсідыяў. Ва ўмовах нястачы працоўнай сілы было б мэтазгодна пераводзіць работнікаў з менш прадукцыйных галінаў у больш эфектыўная сектары эканомікі», – упэўнены Леў Львоўскі.
Пры гэтым, падкрэсліў эксперт, такім «унутраным мігрантам» трэба забяспечыць перакваліфікацыю і адаптацыю да новых умоваў працы.
Сцяпан Кубік belsat.eu