навіны

«Залагодзіць перад выбарамі». У Беларусі змянілі існую сістэму рэгулявання цэнаў і анансавалі новую

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

Цэны на люксавыя тавары адпусцілі, а для прадуктаў «баршчавога набору» вызначылі максімальныя кошты.

На Нацыянальным прававым партале апублікавалі пастанову ўраду, што змяняе скандальную пастанову аб рэгуляванні цэнаў. Ад сёння да канца траўня наступнага года вызначаныя максімальныя адпускныя цэны на свежыя гуркі, яблыкі, цыбулю, бульбу, капусту, буракі і моркву, акрамя мытай. Акрамя таго, на гэтыя ж харчы замацавалі максімальныя раздробныя цэны, што будуць дзеяць з 29 кастрычніка і таксама да канца траўня.


«У траўні пачынаецца новы сельскагаспадарчы сезон, і яны спадзяюцца, што з надвор’ем будзе ўсё добра і потым не будзе патрэбы рэгуляваць. Цяпер сезон скончаны, мы разумеем, што да траўня нічога не зменіцца. Калі налета будзе лепей, то перагледзяць», – растлумачыў «Белсату» эканаміст Аляксей Харкевіч.


Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў абгрунтаваў гэта вышэйшымі коштамі на гародніну ў суседзяў і неабходнасцю абараніць беларусаў ад «цэнавых шокаў».


«Да ўхвалення такой нормы спрычыніліся больш высокія цэны на садавіну і гародніну ў краінах-суседках. Увядзенне такога спосабу рэгулявання накіраванае на недапушчэнне завышэння цэнаў на ўнутраным рынку і будзе ахоўнай захадай для спажыўца ад цэнавых шокаў», – сказаў чыноўнік.


Два тыдні таму ўлады ўвялі ліцэнзаванне на вываз з краіны капусты, яблык і цыбулі. Міністр Багданаў, калі тлумачыў гэтае рашэнне, казаў не пра кошты, а пра неўраджай паўсюль, акрамя Беларусі:


«Ураджай у Беларусі нармальны. Мы традыцыйна забяспечваем сябе ў вялікай колькасці ўсім наборам гародніны і фруктаў, у тым ліку яблыкамі. Аднак мы бачым, што неўраджай ёсць на захадзе, на ўсходзе, таму існуе імавернасць, што адбудзецца некантраляваны вываз гэтых прадуктаў. І тут неабходна сітуацыяй кіраваць, узяць пад дзяржаўны кантроль сістэму вывазу».


Ліцэнзаванне – схаваная забарона экспарту, бо патрабуе атрымання дазволу на вываз тавараў, хаця чыноўнік запэўнівае, што «атрымаць ліцэнзію няцяжка».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: myfin.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: myfin.by

Цяперашняя пастанова таксама не ўзрадавала бізнес, які ўвозіць у Беларусь грэчку, макарону, сокі і нектары, панчошна-шкарпэтачных вырабы, керамічную плітку і зубную пасту – надбаўкі імпарцёраў панізілі. 


Ва ўрадзе запэўнілі, што гэта робіцца дзеля «падтрымання айчынных вытворцаў і стварэння ўмоваў для прасоўвання тавараў, якія вырабляюцца ў Беларусі».


Пры гэтым пад «амністыю» трапілі «тавары раскошы і прэміюм-класу»: цэнаў на іх дзяржава больш не рэгулюе. Пералік гэтага люксу вызначаны пастановаю Мытнага камітэту і датычыць адзення, касметыкі, парфумерыі і апонаў.


Цэны адпусцілі на брэнды, улучаныя ў адмысловую першую групу. Там, напрыклад, «Balenciaga», «Boss Hugo Boss», «Bvlgari», «Cartier», «Chanel», «Christian Dior», «D&G», «Givenchy», «Gucci», «Hermes», «Hugo Boss», «Kenzo», «Lagerfeld», «Louis Vuitton», «Ralph Lauren», «Tommy Hilfiger», «Valentino», «Versace». 


Таксама ў пераліку вытворцы апонаў «Bridgestone», «Continental», «Goodyear», «Michelin».


«Няма рацыі рэгуляваць тут цэнаўтварэнне і субсідаваць заможных людзей, якія могуць сабе дазволіць набываць такія тавары», – адзначаў міністр гандлю Багданаў.


Дарэчы, 18 кастрычніка ён паведаміў, што ў Беларусі рыхтуюць новую сістэму рэгулявання цэнаў. Імаверна, яна запрацуе налета:

,,

«Галоўная задача – стварыць сістэму з найменшым умяшаннем дзяржавы ў працэсы цэнаўтварэння, аднак разам з тым забяспечыць стабільнае насычэнне ўнутранага рынку, развіццё эканомікі і даступныя цэны для насельніцтва на тавары».


Паводле чыноўніка, разглядаюцца некалькі варыянтаў, і яны будуць абмяркоўвацца ў тым ліку з бізнесам.


«Перад гэтак званымі выбарамі, каб залагодзіць бізнес, пастанавілі кінуць такую костку: глядзіце, мы прыбіраем прычыну магчымых незадаволенасцяў і хваляванняў», – так анансаваныя змены пракаментаваў «Белсату» фінансіст, эканаміст Віталь Алейнік.


Ён упэўнены, што ад жорсткага рэгулявання цэнаў цярпяць і чыноўнікі, бо ім даводзіцца пільна за гэтым сачыць:

,,

«Бізнес не атрымоўвае дастатковага прыбытку, каб развівацца, а чынавенству гэта ўсё трэба кантраляваць. Напярэдадні гэтак званых выбараў хочуць прыбраць гэты фактар раздражняльнасці на розных узроўнях грамадства, і былі вымушаныя закінуць думку пра тое, што будуць працаваць з гэтай пастановаю».


Алейнік параўнаў дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў з бомбаю запаволенага дзеяння, закладзенай пад эканоміку. Калі не задумвацца, то можна толькі цешыцца, што кошты ў крамах не растуць так шпарка, як меліся б, але такія захады ўладаў наўпрост адбіліся на прадпрыемствах. 


«Колькі б воўк ні валок, павалакуць і воўка. Гэтая пастанова сама іх зацягнула ў тое, што інакш, як яе скасаваць, дзейнічаць не даводзіцца. Мы бачым, што шмат кампаніяў працуе на мяжы рэнтабельнасці, што бізнес не можа назапашваць мадэрнізацыйных фондаў, каб развівацца, каб захоўваць канкурэнтаздольнасць прадукцыі», – наракае адмыслоўца.


Незалежныя эксперты раней неаднаразова папярэджвалі пра інфляцыйны навес, створаны дзяржаваю, якая, як узорны папуліст, пастанавіла ўзяцца за цэны. Аднак супраць законаў эканомікі не папрэш: рост цэнаў не скасаваны, а проста адтэрмінаваны.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10