навіны

Выйшла на волю галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына

Ірына Леўшына
Ірына Леўшына. Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў
podpis źródła zdjęcia

7 снежня 2024 года на волю выйшла галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на Праваабарончы цэнтр «Вясна». Леўшына цалкам адбыла свой тэрмін зняволення.

Ірына Леўшына напісала пра сваё вызваленне ў Фэйсбуку і паведаміла, што застанецца ў Беларусі:


«7 снежня я пакінула ПК-4, адбыўшы за рашоткай 3 гады 3 месяцы і 3 тыдні. Паколькі я маю намер заставацца ў Беларусі, усялякія каментары з майго боку, як вы разумееце, немагчымыя. Прызвычайваюся да свабоды, да шчасця быць побач з роднымі, да нармальнага жыцця. Дзякуй усім, хто хваляваўся за мяне ўвесь гэты час, я адчувала вашую падтрымку на адлегласці».


Ірыну Леўшыну затрымалі 18 жніўня 2021 года. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці кіраванне ім»). Улады прызналі інфармацыйную кампанію БелаПАН экстрэмісцкім фармаваннем толькі праз тры месяцы пасля затрымання Леўшынай.


Працэс у «справе БелаПАН» пачаўся 6 чэрвеня 2022 года ў Менскім абласным судзе і доўжыўся чатыры месяцы. Суддзя Вячаслаў Тулейка 6 кастрычніка 2022 года пакараў Ірыну Леўшыну 4 гадамі пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.


Тады ж у «справе БелаПАН» былі вынесеныя выракі журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву (14 гадоў калоніі), ягонай жонцы Ірыне Злобінай (9 гадоў калоніі) і экс-дырэктару БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву (6 гадоў калоніі).

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10