навіны

Захарава цэлую гадзіну апраўдвалася за калегу

Як твар расейскага МЗС Марыя Захарава за некалькі гадзінаў здолела прывязаць палітычны крызіс у Паўднёвай Карэі да краінаў Балтыі, але пры гэтым цягам тыдня не заўважыла нічога цікавага ў Сірыі.

3 снежня ў аўторак увесь свет сачыў за тым, што адбываецца ў Паўднёвай Карэі. Прэзідэнт краіны Юн Сок Ёль без згоды на тое парламенту ўвёў надзвычайны ваенны стан і абвінаваціў апазіцыю ў тым, што яна нібыта паралізуе працу дзяржавы, спрабуючы зладзіць імпічмент ключавым урадавым асобам і чыноўнікам.

Дзмітрый Пяскоў назваў сітуацыю ў Паўднёвай Карэі трывожнай. Амбасада Расеі рэкамендавала сваім грамадзянам у Карэі захоўваць спакой і выконваць рэкамендацыі ўладаў. Вось толькі якіх менавіта, не ўдакладніла. Прэзідэнта слухаць расейцам ці парламент? Так сабе інструкцыя ад амбасады.


Зрэшты, больш аператыўнай за іншых была Марыя Захарава. Афіцыйная прадстаўніца расейскага МЗС у сувязі з тым, што адбываецца ў Паўднёвай Карэі, умудрылася папракнуць краіны Балтыі.

,,

«Уваход у будынак парламента Паўднёвай Карэі блакаваны пасля абвяшчэння ваеннага стану, паведамляюць медыі. Што на гэты конт вырашылі Літва, Латвія і Эстонія? Санкцыі будуць уводзіць у дачыненні Сеулу? Ці Паўднёвай Карэі пашанцуе больш як Грузіі?»


Калі коратка, то Паўднёвая Карэя не заяўляла пра імкненне да еўраінтэграцыі і ўваходжання ў Еўразвяз, як гэта на працягу апошніх гадоў дэкларавала Грузія. І пратэсты ў Грузіі пачаліся пасля таго, як прэм'ер-міністр краіны абвесціў пра адмову ад еўраінтэграцыі і пра адхіленне з парадку дня пытання ўступлення ў Еўразвяз, сябрамі якога і ёсць Літва, Латвія і Эстонія. Да іх за падтрыманнем у тым ліку і звяртаецца прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі.

Але гаворка цяпер нават не пра гэта. Ваенны стан у Паўднёвай Карэі доўжыўся ўсяго шэсць гадзінаў. А вось ваенная аперацыя паўстанцаў у Сірыі супраць рэжыму Башара Асада, якога падтрымлівае Крэмль, да таго моманту ішла ўжо сёмы дзень. І ў Сірыі, дарэчы, на баку Асада ваююць каля 7,5 тысячы расейскіх салдатаў. Але пра Сірыю Марыя Захарава неяк не піша. Ні пра тое, як расейская армія правалілася ў абароне рэжыму Асада, ні пра тое, як расейскі флот пакінуў вайсковую базу ў Тартусе, ні пра тое, як расейскія вайскоўцы скардзіліся на здраду з боку сірыйскіх урадавых войскаў.


belsat.eu / МВ

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10