Збор на адвакатаў і перадачы для Васіля Верамейчыка быў абвешчаны 21 лістапада з ініцыятывы жонкі экс-байца палка Каліноўскага. Уся сума ўжо сабраная.
Як вынікае са звестак фонду салідарнасці «BySol», беларусы ўжо ахвяравалі 8115 еўраў. Як кажа Яўгенія Верамейчык, жонка Васіля Верамейчыка, 2000 еўраў патрэбныя для аплаты паслугаў адваката ў В’етнаме, які мае падрыхтаваць і перадаць дакументы, датычныя затрымання і экстрадыцыі мужчыны. Яшчэ па 3000 еўраў – на адваката ў Беларусі і перадачы мужу.
Жанчына паведаміла, што ў 2020 годзе Верамейчык «стаў уцекачом ва Украіне».
«Калі пачалася поўнамаштабная агрэсія, ён пайшоў ваяваць, абараняючы гэтую краіну. Быў сур’ёзна паранены, атрымаў узнагароды. Ён любіць Украіну і хацеў бы і далей жыць там. Але Украіна забараніла яму заезд на сваю тэрыторыю», – адзначыла яна – Васіль паспрабаваў легалізавацца ў ЕЗ, аднак Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы праз тое, што ў 2010–2016 гадах ён служыў у беларускім войску, і дала яму забарону на заезд у ЕЗ на 30 месяцаў».
Нагадаем, у сувязі з экстрадыцыяй Верамейчыка Офіс Святланы Ціханоўскай заклікаў міжнародную супольнасць «змяніць падыходы да разгляду справаў у наданні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставінаў кожнага асобнага выпадку.
Офіс адзначыў, што Верамейчык у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, затым пераехаў ва Украіну, дзе пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў і стварэння палка Каліноўскага служыў намеснікам камандзіра батальёна «Волат». У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Верамейчык быў абраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў.
Ёсць звесткі, што пасля адмовы Літвы Верамейчык у кастрычніку спрабаваў трапіць у Грузію з Турцыі.
Пра экстрадыцыю 34-гадовага былога добраахвотніка стала вядома 20 лістапада. Паводле інфармацыі «Блока Пракоп’ева – Ягорава» ў Каардынацыйнай радзе, ён быў затрыманы ў Хашыміне 13 лістапада.
27 лістапада праваабаронцы прызналі былога добраахвотніка палітвязнем.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная, belsat.eu