навіны

Міжнародны дзень асобаў з інваліднасцю: «Давайце мы сапраўды працаўладкуем людзей»

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстарцыйны характар. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Праблемы з перасоўваннем па горадзе, рэабілітацыяй, адукацыяй, працаўладкаваннем – з такімі складанасцямі штодня сутыкаюцца асобы з інваліднасцю. Вазочнік Аляксандр Аўдзевіч пастанавіў дапамагчы сабе ды іншым сам: ён стварыў кавярню «Інклюзіўны барыста», дзе працуюць асобы з абмежаванымі магчымасцямі.

«Давайце мы сапраўды працаўладкуем людзей, якія будуць сапраўды працаваць, атрымліваць заробак, сапраўды атрымліваць, не ад фонду, і будуць запатрабаванымі прафесіяналамі. Уласна гэтая штука ўсюды заходіць, усюды падабаецца. Усё ўпіраецца проста ў стварэнне неабходных умоваў, улічвае час і добры маркетынг, натуральна, каб гэта добра лаканічна выглядала», – тлумачыць Аляксандр Аўдзевіч.

За пару гадоў пры дапамозе Аляксандра некалькі дзясяткаў чалавек з інваліднасцю атрымалі навыкі барысты. Запрацавалі некалькі пунктаў з продажам кавы.

,,

«Гэта было ноўхаў, таму што пенсійная сістэма пабудаваная такім чынам, каб такі чалавек ці не працаваў, атрымліваў мінімальна грошай, ці працаваў, але на такой смешнай працы, што не зразумела, навошта яна існуе», – распавядае Аляксандр.


На сёння ў Беларусі каля 560 тысяч асобаў з інваліднасцю, або 6 адсоткаў ад колькасці насельніцтва. Намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка кажа, што толькі людзей з інваліднасцю па зроку ў нас сёння больш за 25 тысяч, – па слыху больш за 10 тысяч і, вядома, самай вялікай групай з'яўляюцца людзі з інваліднасцю па агульным захворванні.

Улады рапартуюць: для развязання праблемы створаная Дзяржаўная праграма «Даступнае асяроддзе». Гэта нібы 28 тысяч аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры – ад шпіталяў да ўстановаў адукацыі. Іншае пытанне: ці можна да іх бесперашкодна дабрацца?

Да таго ж асобы з інваліднасцю сутыкаюцца з комплексам іншых праблемаў, распавядае дырэктар Офісу па правах для людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі:

,,

«Гэта працаўладкаванне, гэта атрыманне добрай адукацыі, гэта атрыманне добрых паслуг сацыяльнай абароны, гэта атрыманне пенсіяў і іх памер, што можа быць галоўным».


У Беларусі не менш за адзінаццаць палітычных вязняў з інваліднасцю сустракаюць гэты дзень у месцах несвабоды, паведамляюць праваабаронцы. Прынамсі двое палітзняволеных – Ігар Леднік і Мікалай Клімовіч – памерлі, адбываючы пакаранне. Дбаць аб правах асобаў з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі закліканы адмысловы Закон аб правах людзей з інваліднасцю ды іхнай сацыяльнай інтэграцыі. Аднак часта такія людзі неабароненыя.

«Адзінае, хто мог быць абаронцай правоў, – гэта незалежныя структуры, гэта незалежныя праваабаронцы, незалежныя арганізацыі праваабаронцаў, незалежныя прафсаюзы, якія былі. Больш ніхто. Нават вы сёння бачыце: сістэма адвакатуры беларускай знікла як незалежная сістэма», – кажа Сяргей Драздоўскі.

Пасля падзеяў 2020-га вымушана выехаў з краіны і Аляксандр Аўдзевіч. Ён працягнуў свой бізнес у Польшчы і дапамагае знайсці працу беларусам з фізічнымі асаблівасцямі.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Андрэй Сульжыц, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10