У той час, калі ў Турцыі пачыналіся перамовы наконт расейска-ўкраінскай вайны, на якіх украінскую дэлегацыю ўзначальвае міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, ягоны расейскі калега Андрэй Белаусаў прыляцеў у Менск, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Спыталі эксперта, ці выпадкова гэта і пра што можа сведчыць.
Як паведамілі афіцыйныя крыніцы, мэта візіту міністра абароны Расеі Андрэя Белаусава ў Менск – абмеркаваць супольныя вучэнні «Захад-2025», навучанне беларускіх вайскоўцаў у Расеі і вайскова-тэхнічную супрацу.
Асноўная частка перамоваў праходзіла за зачыненымі дзвярыма, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ў сваім тэлеграм-канале «Пул Первого», але ў той пратакольнай частцы, якую апублікавала гэтая крыніца, бакі разважалі пра паразуменне без словаў, адзіную абаронную прастору, шчыльнае ўзаемадзеянне і агульныя інтарэсы.
Сярод іншага Лукашэнка сказаў, што вучэнні маюць выключна абарончы характар, але «ўсе павінны разумець, што мы тут не жартуем». «Мы ні на каго нападаць не збіраемся, але калі… мы вымушаныя абараняць не толькі сваю гістарычную праўду, але і сваю зямлю, сваіх родных і блізкіх, сем’і свае і нашую Айчыну», – заявіў палітык.

«Ні на каго мы нападаць не збіраемся, як некаторыя там думаюць. Ну, гэта іх справа. Хай думаюць», – сказаў Лукашэнка.
Ці гэта выпадкова, што замест перамоваў у Турцыі міністр абароны Расеі абмяркоўвае вайсковыя вучэнні са сваім хаўруснікам, і пра што сведчаць заявы Лукашэнкі? Пра гэта мы спыталі гісторыка, палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.
,,«Можа, гэта быў працоўны візіт, які быў планава ўзгоднены, напрыклад, што да вучэнняў засталося столькі і столькі – і ён прыязджае, але, імаверна, гэта і пэўны мэсідж», – разважае наш суразмоўца.
На ягоную думку, гэта можа быць такі сігнал Захаду: «вы еўрапейцы, вы перашкаджаеце, вы пагроза, ну вось вам адказ».
Нягледзячы на тое, выпадкова ці не час сустрэчы супаў з перамовамі пра мір ва Украіне, яна не застанецца не заўважанай, мяркуе Аляксандр Фрыдман. «Тое, што Лукашэнка прыгадаў, што ён не збіраецца нападаць на каго-небудзь, гэта акурат тыя словы, той шыфр, які зверне ўвагу той жа замежнай прэсы на гэты візіт», – кажа эксперт.
На думку суразмоўцы, Лукашэнка «прагаварыўся», калі казаў, што вучэнні будуць, але нападаць не будзем:
,,«Калі не збіраешся нападаць і лічыш усе гэтыя разважанні, якія вядуцца на гэтую тэму, лухтой, то навошта гэта ўсё ўзгадваць і дадаткова актуалізаваць гэтую тэму».
Так адбылося таму, што калі нават дакладных планаў агрэсіі і няма, то варыянт магчымага нападу ўсё ж разглядаецца, лічыць Фрыдман.
«Гэта паказвае, што яны там насамрэч абмяркоўваюць розныя сцэнары. Я не кажу, што яны сапраўды вядуць рыхтаванне нейкай агрэсіі, але тое, што ў гэтым кантэксце розныя магчымасці абмяркоўваюцца паводле прынцыпу «калі што», мне падаецца відавочным», – кажа палітычны аглядальнік.
Варыянт развіцця падзеяў, калі ў межах вучэнняў «Захад 2025» будзе захопленая Вільня, пра што раней пісаў прафесар вайсковай гісторыі Патсдамскага ўніверсітэту Зёнке Найцэль, не падаецца немагчымым Аляксандру Фрыдману.

Тэмы размовы Лукашэнкі і Белаусава гавораць самі за сябе. Паводле Фрыдмана, вайсковая супраца азначае далейшую інтэграцыю беларускай эканомікі ў расейскую вайсковую эканоміку, падрыхтоўка беларускіх вайскоўцаў у Расеі – інтэграцыю беларускага войска ў расейскія структуры, а тое, што падкрэсліваецца тэма супольных вучэнняў, – гэта сігнал Захаду.
,,«Факт застаецца фактам – гэты візіт у дадзены момант яскрава дэманструе ўцягнутасць рэжыму Лукашэнкі ўва ўсе гэтыя расейскія працэсы», – падсумаваў эксперт.
Як паведамлялася, сустрэчы, што, як мяркуецца, распачынаюць мірныя перамовы, прайшлі ў Стамбуле 16 траўня. Прысутнічалі прадстаўнікі дэлегацыяў Украіны, Расеі і Турцыі. Украінскую дэлегацыю ўзначальваў міністр абароны Рустэм Умераў, расейскую – памочнік Уладзіміра Пуціна Уладзімір Мядзінскі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расея на перамовах рэпрэзентаваная на «нізкім узроўні».
Супольныя беларуска-расейскія вучэнні маюць адбыцца ў верасні сёлета, яны пройдуць як на беларускіх, так і расейскіх палігонах. У іх возьмуць удзел больш за 13 тысячаў вайскоўцаў. Падчас вучэнняў будзе адпрацоўвацца сцэнар адбіцця патэнцыйнай агрэсіі, накіраванай супраць «Саюзнай дзяржавы».
Арсен Рудэнка, Алена Голуб belsat.eu