У Стамбуле 16 траўня адбыліся першыя за тры гады перамовы Расеі і Украіны. Сустрэча доўжылася каля дзвюх гадзінаў, але ў выніку не наблізіла бакі да сканчэнні вайны. Расказваем коратка пра тое, што там адбывалася.
Ад Украіны ў перамовах удзельнічалі міністр абароны Рустэм Умераў, першы намеснік міністра замежных справаў Сяргей Кісліца, намеснік старшыні Службы бяспекі Украіны Аляксандр Паклад, першы намеснік старшыні Службы вонкавай выведкі Алег Лугоўскі, намеснік начальніка Генеральнага штабу Аляксей Шаўчэнка, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Вадзім Скібіцкі, намеснік начальніка штабу камандавання Паветраных сілаў Яўген Шынкароў, намеснік начальніка штабу камандавання Вайскова-марскіх сілаў Аляксандр Дзякаў ды іншыя.
Уладзімір Пуцін у выніку на перамовы не паехаў, адправіўшы замест сябе свайго памочніка Уладзіміра Мядзінскага (ён таксама быў кіраўніком першых перамоваў), намесніка міністра замежных справаў Міхаіла Галузіна, начальніка Галоўнага ўпраўлення Генштабу УС Ігара Касцюкова і намесніка міністра абароны Аляксандра Фаміна.
Напярэдадні перамоваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што не будзе весці перамовы без Уладзіміра Пуціна. У выніку перамовы вялі дэлегацыі без Зяленскага (ён у гэты час сустракаўся з еўрапейскімі лідарамі ў Стамбуле) і без Пуціна (ён паехаў у Кітай).
Уладзімір Зяленскі таксама сказаў, што Расея зноў адправіла на перамовы тых самых прадстаўнікоў нізкага ўзроўню, што і ў 2022 годзе, каб «ператварыць гэтую сустрэчу ў Стамбуле ў пастановачны, пусты працэс». З ім пагадзіўся дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў, які сказаў, што ўзровень расейскай дэлегацыі «не паказвае на магчымасць дасягнення прарыву».
Расейская дэлегацыя ў выніку спазнілася на 13 хвілінаў, прымусіўшы ўсіх чакаць. А перамовы скончыліся менш чым за дзве гадзіны.
Паводле ўкраінскай крыніцы «Sky News», Расея выставіла патрабаванні, якія «нерэалістычныя і выходзяць далёка за межы таго, што абмяркоўвалася раней». Расея заявіла, што пагодзіцца на спыненне агню, толькі калі Украіна выведзе войскі з чатырох анексаваных вобласцяў, якіх Расея не кантралюе цалкам. Масква таксама пагражала захопам яшчэ дзвюх: Харкаўскай і Сумскай, паведаміў Олівэр Кэрал.
Акрамя таго, Расея пагражала Украіне падчас перамоваў «вечнай вайной» і не была гатовая абмяркоўваць тэхнічныя дэталі спынення агню, паведаміла «Sky News» крыніца ва ўкраінскай дэлегацыі.
«Мы не хочам вайны, але гатовыя ваяваць яшчэ год, два, тры – столькі, колькі спатрэбіцца. Мы ваявалі са Швецыяй 21 год. А вы колькі гатовыя ваяваць? – спытаў кіраўнік дэлегацыі Расеі ва ўкраінцаў і дадаў: – Магчыма, некаторыя з тых, хто сядзяць тут, за гэтым сталом, страцяць яшчэ больш сваіх блізкіх. Расея гатовая ваяваць вечна».
«Я выступіў на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці. На гэтым тыдні ў нас быў рэальны шанец рушыць наперад да заканчэння вайны, калі б толькі Пуцін не пабаяўся прыехаць у Турцыю. Я быў там, гатовы да беспасярэдняй сустрэчы з ім, каб развязаць усе асноўныя пытанні. Ён ні на што не пагадзіўся», – напісаў пасля перамоваў Уладзімір Зяленскі.
Расейскі бок сказаў, што «задаволены вынікам». Мядзінскі таксама паведаміў ТАСС, што ўкраінская дэлегацыя запытала наўпроставыя перамовы паміж лідарамі дзвюх дзяржаваў і «Расея прыняла да ўвагі».
Але за дзве гадзіны бакі змаглі дамовіцца наконт аднаго важнага пытання – абмену палоннымі ў фармаце «1000 на 1000». Акрамя гэтага, бакі дамовіліся прэзентаваць сваё бачанне магчымага спынення агню, пасля чаго дэлегацыі правядуць новую сустрэчу.
Дарэчы, новыя перамовы могуць адбыцца ў Ватыкане – гэта бакам прапанаваў кардынал П'етра Паралін, які назваў вынікі перамоваў у Турцыі трагічнымі. Ён дадаў, што пры патрэбе новы Папа Леў XIV «прапануе Ватыкан, Святы пасад, у якасці месца для беспасярэдняй сустрэчы паміж двума бакамі».
Тэса Анэйда belsat.eu