Гэтым разам вядомая сваімі даносамі прарасейская актывістка Вольга Бондарава паскардзілася на музей Янкі Купалы, дзе сёння, 1 снежня, мелася адкрыцца выстава мастака Алеся Сушы. Бондарава ўжо запрасіла на адкрыццё выставы ГУБАЗіК.
Адкрыццё выставы жывапісу мастака Алеся Сушы пад назваю «Добры вечар добрым людзям!» было запланаванае на15:00 1 снежня у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.
«Выставачны праект ладзіцца напярэдадні любімых навагодніх святаў і ахоплівае ўсе дні Калядаў. Ягоная назва – традыцыйныя вітальныя словы калядоўшчыкаў. Мэта – прадставіць даўнія звычаі і абрады беларусаў», – анансуе выставу мастака музей імя Янкі Купалы.
Але ўмяшалася Вольга Бондарава, якая ўжо абразіла і мастака, і дзяржаўны музей, і Міністэрства культуры.
«Нацысцкі прыхвасцень адкрывае выставу ў Дзяржаўным літаратурным музеі ім. Я. Купалы. Пры спрыянні Міністэрства культуры, суграмадзяне. Бо ўпэўнены, што яму нічога не будзе за падтрымку бандэраўцаў, якія забіваюць расейскіх людзей у Наваросіі. Мінкульт, ты неверагодны! Запрашаю таварышаў з ГУБАЗіК наведаць гэтае мерапрыемства. Там мусіць быць вельмі цікава. Пачатак а 15-й гадзіне, калі не памыляюся. Калі не адменяць», – піша Бондарава ў сваім тэлеграм-канале.
Падобна на тое, што прапагандыстка ўпэўненая, што праз ейны данос выставу мастака адменяць.
Абноўлена. У выніку, як высветліла выданне «Наша Ніва», выставу ўсё ж адмянілі – у чыноўнікаў з Міністэрства культуры не хапіла смеласці супрацьстаяць даносчыцы.
Але, як адзначае выданне, Бондарава на гэтым не спынілася і цяпер патрабуе ад музея шыльды, напісанай па-расейску.
«Звярніце ўвагу, суграмадзяне, на мовы, якімі напісана назва музею: гэта англійская і беларуская. Расейскай няма. Вось такі вось у нас неверагодна-каланіяльны білінгвізм, суграмадзяне. Цалкам супярэчыць Канстытуцыі краіны. Але каго ў Мінкульце хвалююць такія «дробязі»?» – цытуе выданне Вольгу Бондараву.
Надзея Вольная belsat.eu