Паліна Шарэнда-Панасюк абскарджвае апошні прысуд, які быў вынесены ёй у кастрычніку і прадоўжыў тэрмін утрымання ў турме яшчэ на адзін год. Але абскарджвае яго і пракуратура, спадзеючыся, відавочна, зрабіць прысуд больш жорсткім.
Як вядома, 15 кастрычніка 2024 года Рэчыцкі суд дадаў Паліне Шарэндзе-Панасюк яшчэ адзін год калоніі. Гэта ўжо трэці прысуд палітзняволенай, вынесены паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», паведамляе берасцейская «Вясна».
Праваабаронцам стала вядома, што на 13 снежня 2024 года ў 12:00 у Гомельскім абласным судзе запланаваны разгляд апеляцыйнай скаргі на гэты апошні прысуд.
У той жа час, паводле крыніц «Вясны», вынесены Паліне прысуд абскарджваецца і Гомельскай абласной пракуратурай. Магчыма, пракуратура імкнецца надаць Паліне статус «небяспечнай рэцыдывісткі». Не выключана, што яе могуць перавесці на строгі рэжым утрымання.
Нагадаем, што ў чэрвені 2021-га суд Маскоўскага раёну Берасця прысудзіў Паліне Шарэндзе-Панасюк 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму адразу паводле некалькіх крымінальных артыкулаў: арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў»), арт. 369 КК («Знявага прадстаўніка ўлады») і арт. 368 КК («Публічная абраза прэзідэнта»).
У красавіку 2022-га палітзняволенай прысудзілі яшчэ 1 год паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га той самы суддзя Станіслаў Іванюценка дадаў зняволенай яшчэ год паводле таго ж артыкулу.
Але ў кастрычніку за дзень да вызвалення Паліне Шарэндзе-Панасюк дадалі яшчэ адзін год калоніі. Менавіта гэты прысуд і абскарджвае зараз палітзняволеная.
Раман Шавель belsat.eu