навіны

«Бюро медыя»: Расея хоча перапісаць беларускую гісторыю

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Зрабіць ліквідацыю ВКЛ дзяржаўным святам, падтрымаць Гігіна і прыбраць Марзалюка. Журналісты «Бюро медыя» сцвярджаюць, што атрымалі доступ да аналітычных нататак Расейскага інстытуту, які ўзначальвае былы кіраўнік расейскай выведкі. Як Масква збіраецца ўмешвацца ў выкладанне ў беларускіх школах і якую прапанову маюць лукашэнкаўцы для нязгодных?

Журналісты «Бюро медыя» апублікавалі дакументы Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў, а там – нараканні, што ў Беларусі гісторыю выкладаюць інакш, чым у Расеі, а беларусаў выхоўваюць у антырасейскасці.

,,

«Гэта працяг таго наратыву, чым цяпер абгрунтоўваецца ўварванне Расеі ва Украіну. Гэтаксама яны глядзяць на Беларусь. Яны лічаць, што гэта частка іхнай вялізнай імперыі. І гэта бачна ў іхных дакументах», – тлумачыць журналіст «Бюро медыя» Алесь Ярашэвіч.


Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў узначальвае Міхаіл Фрадкоў – былы расейскі прэм’ер і былы кіраўнік расейскае выведкі. Адметна, што агулам маскоўскім аналітыкам падабаюцца гістарычныя ўстаноўкі ўзурпатара. Але ёсць дэталі.

Са спавяшчэнняў Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў:

«Важна ўключаць гэтыя ідэі ў кантэкст расейскай гістарычнай палітыкі, у першую чаргу на падставе сфармуляваных прэзідэнтам Расеі паняццяў "расейскага свету", "краіны-цывілізацыі", і "адзінага народу". У інтарэсах Расеі – фармаванне гістарычнай самасвядомасці беларусаў як прадстаўнікоў адной з расейцамі цывілізацыі, а не тых, хто жыве "між Усходам і Захадам"».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: svaboda.org
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: svaboda.org

Мы звязаліся з прэс-службай Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў з просьбай пракаментаваць матэрыялы, апублікаваныя «Бюро медыя», але атрымалі адказ:

«На жаль, не знаёмыя з гэтымі матэрыяламі».

Далей – болей. Сярод прапановаў інстытуту – прызначыць у Беларусі новае дзяржаўнае свята, «Дзень еднасці», на гадавіну апошняга падзелу Рэчы Паспалітай і дэ-факта – ліквідацыі нашае дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага.

,,

«Некаторыя з гэтых прапановаў ужо рэалізаваныя. Там, напрыклад, ішла размова пра тое, што, маўляў, давайце створым агульную камісію міждзяржаўную, якая будзе абмяркоўваць, што напісана ў беларускіх падручніках, што можна пабачыць у беларускіх гістарычных экспазіцыях. І калі іх штосьці не здавальняе, то трэба гэта мяняць», – кажа Алесь Ярашэвіч.


На свой лад маскоўскі інстытут ацэньвае і прадстаўнікоў лукашэнкаўскай сістэмы. Гэтак, Ігара Марзалюка крытыкуюць за «радыкальна прапольскія погляды».

А Вадзіма Гігіна, наадварот, называюць узорам. І прапаноўваюць спрыяць такім гісторыкам, даваць гранты, доступ у медыі ды фінансаванне.

Зрэшты, рэжым Лукашэнкі і сам актыўна займаецца русіфікацыяй. Ааднак тут ёсць парадокс. «Расейскаму свету» не патрэбная незалежная Беларусь, а значыць, у перспектыве і сам рэжым Лукашэнкі з ягонымі функцыянерамі.

«Яны не разумеюць, што Расея можа не толькі дапамагаць ім змагацца з ідэалагічным ворагам, я маю на ўвазе, ворагам ідэалагічным Лукашэнкі і яго сістэмы, але што гэтая Расея, якая дапамагае ім тут утрымацца ўнутры Беларусі, сама іх і зжарэ», – кажа гісторык, сябра «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Яўген Дудкін.

Наконт метадаў далёка хадзіць не трэба. Днямі блогер Мікіта Мелказёраў у гістарычным праекце «Загляне сонца» абазваў савецкага функцыянера:

«Панцеляймон Панамарэнка быў кавалкам лайна».

Далей блогер раскрыў асобу кіраўніка савецкай Беларусі, які скардзіўся Сталіну на беларускую мову і пісаў даносы на Янку Купалу і Якуба Коласа.

Гэта выклікала рэакцыю: ГУБАЗіК прыгразіў ператрусамі ў родных блогера, а кіраўнік дзяржаўнага агенцтва «Менск-навіны» Кірыл Казакоў прапанаваў, ні многа ні мала, расстраляць Мікіту Мелказёрава без суда і следства.

«Гэта паказвае, якая сістэма каштоўнасцяў. Усіх, хто нязгодны, – расстраляць. Гэта вяртанне да савецкіх метадаў», – упэўнены Яўген Дудкін. 

Метады, што адпавядаюць «расейскаму свету» і яго разуменню, як змагацца з людзьмі, якія свабодна распавядаюць гісторыю свайго народу.

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10