15 траўня «маскі-шоу» прыйшлі ў цэнтральны офіс кампаніі «Еўрагандаль», што валодае сеткай «Еўраопт», а 16-га – і ў офіс «Дабраному». Гэта другая паводле колькасці гандлёвых аб’ектаў сетка ў Беларусі.
15 траўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў пачаў ператрусы ў офісе гандлёвай сеткі «Дабраном», што працягваюцца і сёння, паведамляе «Наша Ніва».
Ці ёсць затрыманыя сярод кіраўніцтва, пакуль невядома.
ЗАТ «Дабраном» валодае сеткай крамаў пад брэндамі «Капеечка», «Маяк» і «Дабраном», агулам – больш за тысячу крамаў у Менску і абласных гарадах.
Да продажу «Дабраному» лічылася, што ён афіляваны з «Еўраоптам». У 2018 годзе «Дабраном» увайшоў у аптовую кампанію «Мостра-груп», што належыць бізнесмену Сяргею Ткачуку. Менавіта ён стаяў у вытокаў стварэння крамаў «Рублёўскі».
Гэтыя ператрусы адбываюцца на фоне крызісу з гароднінай, у тым ліку з бульбай, капустай і цыбуляй, што выклікала вялікую незадаволенасць сярод беларусаў.
Нагадаем, 15 траўня ў Беларусі затрымалі шэраг топ-менеджараў «Еўрагандлю» – юрыдычнай асобы, якая валодае сеткаю крамаў «Еўраопт». Асноўныя бенефіцыяры кампаніі – Сяргей Літвін і Уладзімір Васілько – больш за 20 гадоў жывуць за мяжою, але старшыня дырэктарскай рады «Еўрагандлю» застаецца ў Менску, гэта Аляксандр Літвін. У 2003 годзе Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў супраць заснавальнікаў «Еўраопту» крымінальную справу за нібыта стварэнне «ўстойлівай злачыннай групы», якая плаціла працаўнікам заробкі ў канвертах.
У 2023 годзе Аляксандр Лукашэнка моцна абураўся заробкамі кіраўнікоў гандлёвых сетак, а дзяржаўныя медыі пасля публікавалі спісы тых, хто «зажэрся» і «страх згубіў». Гэтыя спісы на дзіва падобныя да топу найбуйнейшых рытэйлераў Беларусі.
Дый да абурэння Лукашэнкі буйныя гандлёвыя сеткі Беларусі мелі нямала праблемаў, штрафаў, арыштаў і ператрусаў. Апошнімі гадамі ў Беларусі зніклі «Віталюр», гандлёвыя сеткі «BigZZ» і «Радзівілаўскі», «Копилка» і «Бруснічка», «Вясёлка» і «Златка», «Preston» і «Zakrama».
Тэса Анэйда belsat.eu