навіны

Азаронак накінуўся на беларусаў: Задзяўблі са сваёй бульбай – абы жэрці

Грыгорый Азаронак. Скрыншот з відэа: Азарёнок. Напрямую / Rutube
Грыгорый Азаронак. Скрыншот з відэа: Азарёнок. Напрямую / Rutube
podpis źródła zdjęcia

Беларускі дзяржаўны прапагандыст Грыгорый Азаронак, якога Аляксандр Лукашэнка называў сваім «вяшчальнікам», і палітычны аглядальнік Яўген Пуставы рэзка накінуліся на беларусаў, якім не падабаецца, што ў краіне назіраецца дэфіцыт бульбы, на якую да таго ж вельмі моцна выраслі цэны.

Жанчына набывае прадукты на Кальварыйскім кірмашы ў Вільні, Літва. 6 траўня 2025 года. Фота: Белсат
Як за год змяніліся цэны на бульбу, bulvė і ziemniaki? Паглядзелі на рынках Менску, Вільні і Варшавы Рэпартаж

12 траўня ў эфіры праграмы «Азарёнок. Напрямую» прапагандысты пачалі крытыкаваць беларусаў за тое, што яны кепска ўшанавалі 80-ую гадавіну сканчэння Другой сусветнай вайны: «Прывыклі прыйсці, пастаяць ля помніка і разысціся». І гісторыю ВКЛ, паскардзіліся яны, моладзь ведае лепш, чым савецкіх партызанаў.

,,

«Беларусы, прачынайцеся! Хопіць глядзець на цэннікі, колькі каштуе бульба і якіх яна памераў», – пачаў крычаць Яўген Пуставы.


«Ды хоць па дваццаць, блін. Задзяўблі сваёй бульбай. Жэрці і жэрці абы, і толькі ныць з гэтай нагоды», – далучыўся да крыку Грыгорый Азаронак.

Пуставы ўслед за гэтым пачаў расказваць, як хадзіў у ЦУМ і там была «нармальная цана, нармальная бульба». Дый агулам, «па сорак сотак у вёсках раней саджалі дзесяць-пятнаццаць гадоў таму», а цяпер «расслабіліся».

,,

«Бульбы няма. Падымі, вазьмі рыдлёўку, ускапай», – працягваў вучыць беларусаў жыць Пуставы.


Паводле яго, «нацыя пераможцаў не скуголіць наконт бульбы».

Карэспандэнтцы «Белсату», якая хацела паскардзіцца ў МУС Беларусі ў якасці зняважанай заявамі Азаронка жыхаркі нашай краіны, параілі пісаць на яго заяву: або асабіста ў аддзяленні, або праз сайт Обращения.бел. Самыя словы прапагандыста ў міліцыі каментаваць адмовіліся.

Нагадаем, што жыхары Беларусі раз’юшаныя высокімі цэнамі і нізкай якасцю бульбы ў крамах. У адказ на востры дэфіцыт Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведаміла пра рэвізію 20 сховішчаў гародніны па ўсёй краіне. У ведамстве сцвярджаюць: запасы бульбы, цыбулі, буракоў і капусты, якія ўваходзяць у так званы баршчовы набор, на месцы, якасць адпавядае стандартам, а аб’ёмаў дастаткова для забеспячэння гандлёвых сетак.

Тым не менш ведамства прызнала, што «вынікі кантрольных захадаў, звароты грамадзянаў і тлумачэнні суб'ектаў гандлю сведчаць пра наяўныя істотныя перабоі з даставамі бульбы для рэалізацыі праз раздробныя аб'екты гандлю».

Якуб Хруст, Дар'я Форман belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10