Цягам апошніх гадоў напярэдадні святаў Божага Нараджэння і Новага года ўсё большую папулярнасць набываюць адвэнт- (ці калядныя, навагоднія) календары. Іх робяць, ужо, здаецца, усе брэнды ды напаўняюць усім, чым можна: шакаладам, цацкамі, касметыкаю, ёсць нават алкакалендары і 18+. Ладзяцца майстар-класы ў вырабе календароў. А хто іх увогуле прыдумаў? Якім можа быць беларускі адвэнт-каляндар? І як можна яго зрабіць сваімі рукамі за адзін вечар? Распавядаем і паказваем.
Хто прыдумаў адвэнт-каляндар?
Адвэнт-каляндар – гэта еўрапейская хрысціянская, першапачаткова – пратэстанцкая, традыцыя. Да таго, як ідэю падхапіў мас-маркет, каляндар рабілі, каб адсочваць час ад пачатку Адвэнту да Божага нараджэння.
Даследчыкі мяркуюць, што ўсе гэтыя рознакаляровыя наборы з 24 каробачак, канвертаў, мяшочкаў і т.п., якія мы сёння бачым у крамах, бяруць пачатак ад часу, калі непісьменныя хрысціяне наносілі на дзверы крэскі крэйдаю кожны дзень, пачынаючы ад 1 снежня, каб ведаць, калі святкаваць Каляды.
Назва «адвэнт-каляндар» паходзіць ад Адвэнту – асаблівага перыяду, перадкаляднага паста, што пачынаецца за 4 тыдні да Божага Нараджэння. Першы дзень Адвэнту можа выпадаць на нядзелю з 27 лістапада да 3 снежня. Сёлета гэта 1 снежня. Заканчваецца Адвэнт 24 снежня, у вігілію Божага Нараджэння. Слова «адвэнт» ад лацінскага «adventus» – «прышэсце». Цягам чатырох тыдняў перадкаляднага паста хрысціяне чакаюць прышэсця Хрыста і ўспамінаюць пра абяцанне ягонага другога з’яўлення на зямлі.

У дзіцячай кнізе нямецкай пісьменніцы Элізэ Авэрдзік (Elise Averdieck), надрукаванай у 1851 годзе, упершыню згадваецца адвэнт-каляндар, зроблены ўручную.
Масавую традыцыю вырабу і продажу календароў распачалі вернікі лютэранскай царквы ў Нямеччыне. У 1902 годзе ў Гамбурзе быў надрукаваны адвэнт-каляндар у выглядзе гадзінніка. А дзіцячыя калядныя календары распаўсюдзіў Гергард Ланг: у ягонай тыпаграфіі «Reichhold & Lang» у Мюнхене ў 1904 годзе быў надрукаваны адвэнт-каляндар з 24 каляровымі карткамі, прымацаванымі да кардоннай дошкі. Яны так спадабаліся немцам, што тыпаграфія пачала вырабляць іх штогод. А ў 1926 годзе таксама ў Нямеччыне ўпершыню выпусцілі адвэнт-каляндар з шакаладам унутры.
Дзе адвэнт-каляндар зрабіўся навагоднім?
Адвэнт-каляндар традыцыйна ўяўляў сабою вялікую паштоўку ці кардонны домік з акенцамі, што адкрываліся. У кожным з іх магла ляжаць цукерка, шакаладка, нейкая фігурка, нататка з пажаданнямі, малітва, урывак з Бібліі ці нейкія іншыя дробныя падарункі.
Для дзяцей у акенцы звычайна клалі запіскі з нескладанымі заданнямі, за выкананне якіх дзіцяці давалі падарункі. Каляндар для дзяцей мог мець і выхаваўчы момант: каб атрымаць слодыч, дзіця пералічвала, што за дзень зрабіла добрага ці кепскага. У рэлігійных сем’ях адвэнт-каляндар заўсёды быў звязаны з чытаннем Бібліі і малітваю.

Традыцыя адвэнт-календароў спачатку распаўсюдзілася на нямецкамоўныя краіны – Аўстрыю, частку Швейцарыі, а ў пачатку ХХІ стагоддзя – ва ўсёй Еўропе і ў ЗША. Календары, што прадаюць у супермаркетах з лістапада, пазбаўленыя рэлігійнага аспекту – цяпер гэта проста забава.
У праваслаўных краінах Усходняй Еўропы каляндар увогуле пераўтварыўся ў навагодні з 31 акенцам – на кожны дзень снежня. Ён сімвалізуе сабою чаканне ўжо не Хрыста, а Новага года. Назва «адвэнт-каляндар», тым не менш, яшчэ часта выкарыстоўваецца, але нават у Заходняй Еўропе шмат для каго гэтае слова сёння гучыць як нейкае заклінанне, не кажучы ўжо пра Беларусь і Расею, дзе абсалютная большасць не разумее яго значэння.
Адвэнт-каляндар па-беларуску
Калядны каляндар можна адаптаваць пад любую ідэю, пашырыць яго сэнс, не засяроджвацца выключна на падарунках і слодычах. Месяц перад Божым нараджэннем можна выкарыстаць, напрыклад, каб нарэшце здзейсніць нейкую мару, ажыццявіць ідэю, што даўно адкладалі – можна распісаць яе на 24 крокі і кожны дзень рабіць адзін з іх. Напрыклад, так можна перайсці на здаровае харчаванне, схуднець. Некаторыя цалкам сур’ёзна робяць сабе медычны адвэнт-каляндар – упісваюць чэк-ап, паходы ў басейн, фітнес-цэнтр, прабежкі.
Беларуская ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» некалькі гадоў запар рабіла адвэнт-каляндар, прысвечаны салідарнасці з палітвязнямі. Заданні там былі даволі простыя: напісаць ліст, адправіць паштоўку, прачытаць гісторыю палітвязня і т.п.

Агулам, беларускія майстры робяць вельмі цікавыя адвэнт-календары. Напрыклад, каляндар «Беларусь чакае Раство» можна замовіць у інтэрнэт-краме «Кропля». Яго сутнасць у тым, як апісваюць аўтары, каб кожны дзень рыхтаваць свой дом і свае сэрцы да Божага Нараджэння. Каляндар зроблены цалкам па-беларуску і ў Беларусі, змяшчае план чытання Бібліі на Адвэнт.
Сваё чаканне Калядаў можна прысвяціць, напрыклад, удасканальванню беларускай мовы, пашырэнню ведаў пра беларускую культуру, гісторыю: напрыклад, скласці спіс твораў, якія вы будзеце чытаць штодня, традыцыяў, якія будзеце вывучаць, беларускіх імпрэзаў, якія наведаеце, ініцыятываў, якія падтрымаеце.
Робім калядны каляндар сваімі рукамі

Адвэнт-календары вельмі любяць дзеці. Яны з нецярплівасцю чакаюць новы дзень, каб даведацца, якія будуць заданне і падарунак за яго. Сёння каляндар можна купіць у найбліжэйшай краме, але можна зрабіць і самастойна, што таксама мае зрабіцца цудоўнай ідэяй для сямейнага вечара.
Зрабіць адвэнт-каляндар можна з чаго заўгодна і ў такім выглядзе, што здолее прыдумаць вашая фантазія. Гэта могуць быць традыцыйныя акенцы на кардонным планшэце, канверты, маленькія каробачкі, мяшочкі ці шкарпэткі, падвешаныя да галінкі. У інтэрнэце можна лёгка знайсці мноства ідэяў для натхнення.
Журналістка «Белсату», аўтарка гэтага матэрыялу, штогод робіць адвэнт-каляндар сваімі рукамі разам з сынам. Сёлета быў абраны не самы звычайны варыянт – каляндар у выглядзе гораду з 24 домікаў і ялінак. Паглядзіце, як выглядаў працэс вырабу і што атрымалася.
Крок 1

Падрыхтуем матэрыялы: тоўстую паперу ці тонкі кардон, аловак, лінейку, нажніцы, клей, дэкор для домікаў – іх можна размаляваць, аздобіць налепкамі на калядную тэматыку – як вам больш падабаецца.
Крок 2

Малюем эскіз домікаў. Можна намаляваць самастойна ці знайсці ў інтэрнэце – там ёсць шмат цікавых варыянтаў, што можна спампаваць абсалютна бясплатна. Мы выбралі два макеты домікаў, большага і меншага памеру, і некалькі ялінак.
Крок 3



Выразаем макеты і склейваем іх.
Крок 4

Пішам на доміках даты – ад 1 да 24 снежня. Потым размалёўваем іх, упрыгожваем налепкамі. Будуем горад.
Крок 5.
Рыхтуем карткі з заданнямі на кожны дзень Адвэнту, укладаем іх у домікі праз дзверы. Таксама не забудзьце падрыхтаваць маленькія падарункі на кожны дзень. Адвэнт-каляндар гатовы.
Зычым вам вясёлага Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года!
Ганна Ганчар belsat.eu