На здымках галоўнага сімвалу Кракава (Вавэльскага цмока, якога таксама завуць Кракам) сапраўды няма. Але не ўсё так адназначна.
Раніцай 17 траўня пра знікненне Крака з-пад Вавэльскай гары паведаміў афіцыйны сайт Кракава. Гэтай жа навіной у сацыяльных сетках падзяліўся мэр Кракава Александэр Мішальскі.
«З вялікай заклапочанасцю паведамляем вам пра знікненне сімвалу Кракава. Вавэльскі цмок знік са свайго берлагу раніцай. Абставіны здарэння высвятляюцца. Калі хто-небудзь мае інфармацыю пра цяперашняе месца перабывання Вавэльскага цмока, калі ласка, неадкладна звяжыцеся з мэрам Кракава» – такая інфармацыя была размешчаная на афіцыйным сайце гораду.
Заклапочаныя кракавякі рынуліся глядзець, ці сапраўды агнядышная бронзавая фігура знікла. Але хутка высветлілася, што яна стаіць на сваім месцы, а кіраўніцтва Кракава проста знайшло новую функцыю з выдаленнем аб’ектаў на айфоне. Допіс стаў кампаніяй для падтрымання ўдзельніцы Польшчы на «Еўрабачанні» 2025 года.
«Мы атрымалі ліст ад выкрадальнікаў. Дапамажыце нам вярнуць нашага цмока! Зрабіце рэпост і прагаласуйце за "Гаю"!», – напісаў пазней Александэр Мішальскі.
Сёння, 17 траўня, адбудзецца фінал конкурсу «Еўрабачанне», дзе Польшчу рэпрэзентуе Юстына Стэчкоўска з песняй «Gaja», якая прымала ўдзел у гэтым конкурсе 30 гадоў таму.
Тэса Анэйда belsat.eu