18 траўня 2025 года ў Варшаве каля помніку Мікалаю Каперніку а 14 гадзіне адбудзецца маштабная акцыя салідарнасці з палітычнымі зняволенымі Беларусі «Шлях да свабоды ляжыць праз ланцугі».
Акцыя закліканая прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да няспынных масавых рэпрэсіяў у Беларусі і лёсаў тысяч палітвязняў.
За апошнія пяць гадоў дзясяткі тысяч беларусаў зазналі крымінальны пераслед, а сотні тысячаў сталі ахвярамі розных формаў рэпрэсіяў. За сухімі лічбамі статыстыкі хаваюцца разбураныя лёсы і невымерны боль. У зняволенні ўжо загінулі сем палітычных зняволеных – і гэта толькі афіцыйна пацверджаныя выпадкі. Кожны дзень, праведзены за кратамі, робіцца для палітвязняў выпрабаваннем на трываласць чалавечага духу.
У межах акцыі выступяць былыя палітвязні, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і праваабарончых арганізацыяў, каб распавесці асабістыя гісторыі тых, хто прайшоў праз палітычны пераслед, і выказаць салідарнасць з тымі, хто ўсё яшчэ зняволены ў турмах.
«Мы не маем права забывацца на тых, хто застаецца за кратамі праз свае палітычныя перакананні. Нашая акцыя – гэта напамін свету пра тое, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, а таксама сігнал для нашых суайчыннікаў у турмах пра тое, што яны не адныя. Беларусы нязломныя, і нашая салідарнасць мацнейшая за любы ціск», – адзначаюць арганізатары акцыі.
Акцыя пройдзе таксама 17–22 траўня ва Вроцлаве, Гданьску, Шчэціне, Бруселі, Гаазе, Вільне, Рыме ды іншых гарадах. Поўны спіс глядзіце тут.
Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова – 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 памёр актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Ён быў асуджаны ў закрытым рэжыме на пяць гадоў зняволення.
Тэса Анэйда belsat.eu