У Менскім абласным судзе пачынаецца закрыты працэс над каталіцкім святаром Генрыхам (Генадзем) Акалатовічам.
Пасяджэнні будуць праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляе «Зеркало».
64-гадовага пробашча касцёлу Святога Язэпа ў Валожыне абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Яго прызналі палітычным вязнем.
Вядома, што святара затрымалі ў лістападзе 2023 года. Паводле абвінавачвання, ён нібыта перадаў камусьці сакрэтную інфармацыю, што прывяло да значных стратаў, ацэненых на суму, эквівалентную мільёну еўраў (больш за 3 мільёны рублёў).
Ад ксяндза патрабуюць скампенсаваць гэтыя страты. Верагодна, для гэтага могуць забраць усе сродкі, сканфіскаваныя ў яго падчас арышту, у тым ліку асабістыя ашчаджэнні і ахвяраванні парафіянаў.
Вядома, што 23 жніўня 2024 года апостальскі нунцый архіепіскап Антэ Ёзыч, які ўжо скончыў сваю місію ў Беларусі, сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле афіцыйных звестак, падчас размовы яны абмяркоўвалі пытанні, што турбуюць каталіцкую супольнасць. Лукашэнка нібыта паабяцаў разгледзець іх і паспрыяць найхутчэйшаму развязанню.
Вернікі адзначаюць: пасля гэтай сустрэчы спадзяваліся на вызваленне ксяндза Генрыха Акалатовіча, але гэтага не адбылося.
У Беларусі застаецца пад вартай яшчэ адзін каталіцкі святар – Андрэй Юхневіч з Віцебску. Ён цяпер у віцебскім СІЗА, але абвінавачванні супраць яго пакуль не агучваюцца. Следства ў ягонай справе працягваецца.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Раман Шавель belsat.eu