навіны

Каардынацыйная рада заклікае да ратавання Васіля Верамейчыка

Васіль Верамейчык у інтэрв’ю «Белсату» у сакавіку 2024 года. Тбілісі, Грузія. Скрыншот: Белсат Life / Youtube
Васіль Верамейчык у інтэрв’ю «Белсату» ў сакавіку 2024 года. Тбілісі, Грузія. Скрыншот: Белсат Life / Youtube
podpis źródła zdjęcia

Каардынацыйная рада зрабіла заяву з нагоды затрымання экс-каліноўца і дэлегата КР Васіля Верамейчыка і заклікала да неадкладных дзеянняў дзеля ягонага выратавання.

У заяве Каардынацыйнай рады адзначаецца, што аперацыя затрымання Васіля Верамейчыка, як вынікае з наяўных звестак, была арганізаваная КДБ Беларусі. Акрамя таго, хуткасць, з якой адбывалася экстрадыцыя, сведчыць аб загадзя падрыхтаванай спецаперацыі. 

,,

«У Беларусі Васілю Верамейчыку пагражае больш за 20 гадоў турэмнага зняволення ці нават смяротнае пакаранне па абвінавачаннях, звязаных з яго палітычнай дзейнасцю і ўдзелам у баявых дзеяннях на баку Украіны», – адзначаецца ў заяве. 


Пасля таго, як стала вядома пра затрыманне Васіля Верамейчыка, Каардынацыйная рада адразу звярнулася да міністэрстваў замежных справаў ЗША, Польшчы і Украіны, міжнародных арганізацыяў з просьбай умяшацца, высветліць абставіны справы і перадухіліць магчымую экстрадыцыю.

Таксама Каардынацыйна рада рабіла спробы арганізаваць юрыдычную абарону Васілія, якія, як сцвярджаецца, сутыкаліся з нежаданнем большасці адвакатаў у В'етнаме брацца за гэтую справу. А тыя, хто пагадзіліся, не змаглі атрымаць доступу да інфармацыі, бо мясцовая паліцыя адмаўлялася даваць каментары. 

Сітуацыя Васіля Верамейчыка патрабуе асаблівай увагі, падкрэсліваецца ў заяве. У сувязі з гэтым Каардынацыйная рада звярнулася да міжнароднай супольнасці і праваабарончых арганізацыяў з заклікам прыкласці ўсе намаганні для абароны жыцця і правоў Васіля Верамейчыка.

Таксама КР заклікае ўрады краінаў свету спыніць супрацу з сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку прыпыніць дамовы аб экстрадыцыі і прававой дапамозе.

Адным з пунктаў значыцца заклік перагледзець падыходы да надання міжнароднай абароны і гуманітарнага ВНЖ беларусам у Літоўскай Рэспубліцы і да распаўсюджанай практыкі прызнання беларусаў «пагрозай для нацыянальнай бяспекі», з неабходнасцю акцэнтаваць увагу на індывідуальных абставінах кожнага выпадку.

Таксама Каардынацыйная рада выступіла з заклікам ініцыяваць перамовы з уладамі Беларусі аб магчымым абмене Васіля Верамейчыка на грамадзянаў Беларусі, асуджаных у Літве і Украіне за шпіянаж у інтарэсах Беларусі, а ўрад Украіны – прызнаць Васіля Верамейчыка ваеннапалонным і ўключыць ў абменны фонд.

«Мы заяўляем аб недапушчальнасці экстрадыцыі палітычных актывістаў у Беларусь, дзе яны падвяргаюцца несправядліваму пераследу. Заклікаем дэмакратычную супольнасць да скаардынаваных дзеянняў у мэтах абароны Васіля Верамейчыка і перадухілення новых такіх выпадкаў», – адзначаюць аўтары заявы, выказваючы пры гэтым салідарнасць з Васілём і ягонай сям'ёй і заклікаючы да неадкладных дзеянняў дзеля ягонага выратавання.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10