«Белсат» працягвае штодзённую хроніку рэпрэсіяў, якія асабліва ўзмацніліся напярэдадні так званых выбараў, прызначаных на 26 студзеня 2025 года.
Стала вядома, што 29 лістапада будуць разглядаць чарговую крымінальную справу супраць блогера ютуб-канала «Шэры кот» Змітра Казлова, які праз тыдзень мусіў выйсці на волю. Меркавана, з калоніі яго наўпрост перавядуць у СІЗА. Гэтым разам Змітра абвінавачваюць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін у судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска.
Instagram-старонка былога палітвязня Аляксандра Кабанава прызнаная «экстрэмісцкай». Адпаведнае рашэнне, як даведаліся праваабаронцы, было прынятае яшчэ 19 лістапада судом Ленінскага раёну Брэста. Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі Telegram-каналы і чаты «Бавовна», «БЧБ Киберотряд», старонку ў Facebook «Быць belarusam», а таксама старонкі ў «Аднакласніках» «Беларускiя сацыял-дэмакраты» і «Краткая история Беларуси за последнюю 1000 лет».
Міністэрства інфармацыі размясціла на сваім сайце «Спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». У спіс «шкодных» трапілі кнігі па гісторыя ВКЛ, раманы, японскія коміксы і нават нататнік.
Праваабаронцы падлічылі, што па стане на 22 лістапада агулам з 2020 года пад крымінальны пераслед трапілі не менш за 42 вайскоўца, 26 з якіх былі пазбаўленыя волі. Як і за што ў Беларусі пераследуюць вайскоўцаў, распавядае «Вясна».
Стала вядома, што за наведванне палітычных працэсаў у Брэсцкім абласным судзе асудзілі Віталя Чопіка. Мужчыну затрымалі восем месяцаў таму і абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Ёсць дадзеныя, што пасля затрымання мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на хуткай са слядамі моцнага збіцця, і што колер твару Чопіка быў жоўтым (што можа сведчыць аб пашкоджанні печані праз збіццё). Суддзя Яўген Брэган прызначыў Віталю сем гадоў калоніі, а таксама штраф памерам 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў).
Прапагандыст Юрый Васкрасенскі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Первый информационный» распавёў пра пяць палітзняволеных, вызваленых 7 лістапада ў рамках памілавання.
Паводле яго, 7 лістапада на волю выйшлі наступныя асобы:
- Аляўціна Гудкова, прысуджаная ў 2024 годзе да года калоніі нібыта ў звязку з пратэстамі ў Берасці 10 жніўня 2020 года;
- Андрэй Каралёў, прысуджаны ўлетку 2024 года да двух гадоў калоніі нібыта за паклёп на Лукашэнку;
- Ілля Талстоў, асуджаны ў студзені 2024 года нібыта за ўдзел у пратэстах, тэрмін невядомы;
- Сяргей Чыж, прысуджаны ў лютым 2024 года да трох гадоў «хіміі» з накіраваннем нібыта за паклёп на Лукашэнку;
- Сяргей Іллін, асуджаны ў студзені 2024 года нібыта за знявагу Лукашэнкі, тэрмін невядомы.
Васкрасенскі зазначыў, што да Новага года можа быць вызваленая яшчэ адна «партыя палітвязняў».
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем журналіста Ігара Ільяша. З моманту ягонага затрымання прайшоў роўна месяц. Нагадаем, 22 кастрычніка ананімны Telegram-канал, звязаны з сілавікамі, паведаміў пра затрыманне Ігара Ільяша – мужа зняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай. Прычынаў затрымання адразу не раскрылі, пазней абстрактна паведамілі: ён нібыта «спрыяў экстрэмісцкім фармаванням» і «збіраў звесткі для замежных выведак» праз тое, што даваў каментары беларускім і ўкраінскім медыям. Вядома, што напрыканцы кастрычніка Ігара перавялі ў СІЗА №1. Сёння, 22 лістапада, Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што праваабарончыя арганізацыі прызналі Ігара Ільяша палітвязнем.
Сёння пачалі судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука. Яго затрымалі 16 лютага каля расейскай амбасады. Кучук прыйшоў, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Праз месяц стала вядома, што супраць мужчыны распачалі крымінальную справу. Разглядаюць яго справу ў Менскім гарадскім судзе. Кучука абвінавачваюць па двух артыкулах – «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
50-гадовы Дзмітрый – былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю ліквідавалі ў ліпені 2023 года). Ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства «МС Заходняя» – гэта прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды. Мае дарослую дачку. Вядома, што судзіць яго будзе Алена Шылько, перадае «Вясна».
Стала вядома, што ў Мёрах за «экстрэмізм» будуць судзіць уладальніка кафэ-рэстарана. Паседжанне па справе Агіфа Байрамава прызначана на 27 лістапада. Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 36 прозвішчаў – цяпер у ім 4 692 чалавекі. Сярод іншых, у спіс трапіў бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў, завочна асуджаны Валер Водзін ігісторык Ігар Мельнікаў.
Надзея Вольная belsat.eu