Падчас працоўнага візіту ў Вену абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская далучылася да мерапрыемства Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ). Падзея сабрала амбасадараў і дыпламатаў, якія прадстаўляюць краіны-чальцы АБСЕ, а таксама сяброў групаў за дэмакратычную Беларусь.
Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычныя змены ў Беларусі гэта важная частка рэгіянальнай бяспекі, бо інакш у Еўропе не будзе трывалага міру.
«Калі б рэжым Лукашэнкі скончыўся ў 2020 годзе, поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну, магчыма, і не пачалося б. Такім чынам, барацьба за перамены ў Беларусі не з’яўляецца ўнутраным пытаннем», – сказала яна.
Пры гэтым Ціханоўская таксама падкрэсліла, што незалежнасць і існаванне Беларусі застаюцца пад пагрозай, бо ў выніку перамоваў адносна вайны ва Украіне краіна «будзе аддадзеная Пуціну ў якасці суцяшальнага прызу».
Палітык таксама заклікала не даць уладам Беларусі перагарнуць старонку з дапамогай выбараў, прызначаных на 26 студзеня. Самі выбары яна назвала «фарсам». Замест гэтага Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць дапамогі АБСЕ ў правядзенні пераходнага перыяду, у тым ліку ў выпадку «непрадбачаных абставінаў».
,,«Дэмакратычныя сілы будуць гатовыя скіраваць Беларусь на еўрапейскі шлях развіцця. Але для гэтага спатрэбіцца пасярэдніцтва і падтрымка АБСЕ», – заявіла палітык.
Падчас візіту ў Аўстрыю Ціханоўская таксама ўзяла ўдзел у Саміце грамадзянскай супольнасці ў межах ініцыятывы «Усходняе партнёрства». У прыватнасці, яна прапанавала пяць крокаў, якія ўжо цяпер можна зрабіць у рамках «Усходняга партнёрства» для падтрымання дэмакратычнай Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu