У звязку з працяглымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, асабліва «сістэматычным жорсткім абыходжаннем з палітычнымі вязнямі», Калегія адвакатаў Нью-Ёрку выказала «сур’ёзную заклапочанасць».
Адпаведная заява размешчаная на сайце арганізацыі.У ёй дэталёвы аналізуюцца парушэнні правоў чалавека ў Беларусі за апошні час з акцэнтам на палітычных вязняў. У дакуменце асобна згадваецца праблема ўтрымання палітзняволеных у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада).
Адвакаты Нью-Ёрку заклікаюць улады Беларусі зрабіць неадкладныя захады для вызвалення палітычных вязняў з гуманітарных меркаванняў, аддаючы перавагу асобам з хранічнымі і цяжкімі праблемамі са здароўем, няпоўнагадовым, асобам сталага веку і з інваліднасцю.
Таксама адзначаецца, што ўрад мусіць узяць на сябе абавязак «годна абыходзіцца з усімі вязнямі», забяспечваючы ім доступ да адваката, сямейнікаў і неабходнага медычнага абслугоўвання. Гэта ўключае ў сябе зняцце абмежаванняў на «кантакты з вонкавым светам» і гарантаванне доступу да належнай медычнай дапамогі зняволеным, асабліва тым, хто мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Юрысты таксама заклікалі ўлады Беларусі прытрымлівацца міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека і паважаць асноўныя правы ўсіх людзей.
Нагадаем: 30 верасня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МУС матэрыялы пра «трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Лукашэнкам і ягонымі суўдзельнікамі ў дачыненні беларусаў». У Вільні патлумачылі пастанову тым, што больш не могуць бяздзеяць.
Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы ў справе прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў МКС шляхам далучэння да звароту.
Надзея Вольная belsat.eu