17 лістапада войскі РФ нанеслі масаваны ўдар па розных гарадах Украіны, выкарыстаўшы дроны і ракеты. Пад прыцэлам – аб’екты энергетыкі, ёсць моцныя пашкоджанні, пацярпелыя і загінулыя.
Раніцай, у 5:42 паводле ўкраінскага часу, былі зафіксаваныя запускі ракетаў з расейскіх стратэгічных бамбавальнікаў Ту-95МС у кірунку Украіны. Паведамлялася пра 17 самалётаў, але невядома, ці ўсе яны нанеслі ракетныя ўдары, паведамляе «РБК-Украіна».
З вечару ў паветранай прасторы Украіны былі заўважаныя ўдарныя дроны, меркавана тыпу «Шагэд», якія выкарыстоўваліся групамі і хвалямі на працягу ночы. Раніцай зафіксавалі запускі крылатых ракетаў «Калібр» з акваторыі Чорнага мора, дзе былі чатыры расейскія ракетоносцы з агульным залпам да 24 ракетаў.
Агулам Расея выпусціла па Украіне 120 ракет і 90 дронаў. Украінскім сілам ППА ўдалося знішчыць больш за 140 паветраных цэляў, паведаміў у сваім тэлеграм-канале Уладзімір Зяленскі.
Таксама была зафіксаваная пагроза выкарыстання балістычных ракетаў з Феадосіі ў Крыме. Паведамлялася пра запуск балістычных ракет па Крапіўніцкім і крылатых ракетаў па Кіеве, а таксама пра рух ракет у бок іншых рэгіёнаў. Пазней стала вядома, што з Тамбова былі запушчаныя аэрабалістычныя ракеты «Кінжал», якія накіроўваліся ў бок Харкава, Крэменчуга і Кіева.
У выніку серыя выбухаў была зафіксаваная ў Кіеве, таксама выбухі прагрымелі ў Адэсе, Крывым Розе, Паўлаградзе, Вінніцы, Мікалаеве, Роўне, у Хмяльніцкай, Львоўскай, Закарпацкай і Івана-Франкоўскай вобласцях.
Пад асаблівым прыцэлам аказалася энергасістэма Украіны. Як напісаў кіраўнік Мінэнерга Украіны Герман Галушчанка, расейцы акатакуюць аб’екты генерацыі і перадавання энергіі па ўсёй Украіне.
«Аператар сістэмы перадачы тэрмінова ўвёў рэжым экстраных адключэнняў электраэнергіі. Дзе магчыма, ратавальнікі і энергетыкі ўжо працуюць над ліквідацыяй наступстваў», – адзначыў чыноўнік у сябе ў Facebook.
Экстраныя адключэнні ўжо адбыліся ў Кіеве і Кіеўскай вобласці, а таксама ў Днепрапятроўскай, Данецкай, Чаркаскай, Кіраваградскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай і Жытомірскай вобласцях, а таксама ў Адэсе, дзе ў выніку ўдараў людзі засталіся без святла і вады.
У выніку ўдараў два чалавекі пацярпелі ў Кіеве, у Мікалаеве два чалавекі загінулі, шасцёра параненыя.
Праз расейскую атаку Польшча ўздымала ў паветра авіяцыю.
Раман Шавель belsat.eu