«Белсат» працягвае весці хроніку рэпрэсій, якія адбываюцца ў нашай краіне. Іх усплёск адчуваецца асабліва напярэдадні так званых выбараў.
Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітзняволеных, памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам пасля 7 лістапада. Іх агучыў у праграме Рыгора Азаронка Юрый Васкрасенскі. Гэта Аляксандр Бойка, Аляксей Ярашэвіч, Кацярына Шаблінская-Іванова, Эдуард Ісаеў, а таксама чалавек з прозвішчам Белямук (невядома, ці гэта Дзмітрый або Яўген, бо палітвязняў з такім прозвішчам два).
Вядома, што Аляксандр Бойка быў асуджаны на 2,5 года за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, Аляксею Ярашэвічу прысудзілі 2 гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі, Кацярына Шаблінская-Іванова атрымала тэрмін паводле трох артыкулаў, звязаных з распальваннем варожасці і заклікамі да санкцый. Эдуард Ісаеў, работнік «Гродна Азота», быў асуджаны на 3,5 года за абразу Лукашэнкі і паклёп. Нагадаем, што ўсяго пасля 7 лістапада па памілаванні быў вызвалены 31 палітвязень, іх прозвішчы не паведамляліся афіцыйна.
Праваабаронцам стала вядома, што затрыманні, якія адбываліся на «БелАЗе», звязаныя з выпускам новых ботаў, якое пачало вырабляць прадпрыемства. Паводле крыніц «Вясны», нехта з супрацоўнікаў прадпрыемства стварыў чат, у якім пачаў высмейваць боты – пасля гэтага пачаліся затрыманні.
Сёння стала вядома пра папаўненне спісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У яго ўвайшлі: Telegram-каналы і чаты «Блёк воля», «Heretic Camp -MZ/WJ official discography», «Штабные крысы», Instagram-старонкі «bela.manc», «belgium_razam», «allboty», «thewesternbattalion», «_asadak_», «yauhendrums», «belarusiansdc», старонка ў «Вконтакте» «Эмиграция из Белорусского концлагеря», сацсеткі праекту «Не твоя война», YouTube-канал «Нашы Шортсы», старонкі ў «Аднакласніках» «Bel.Lit», «Незалежны прафсаюз РЭП», «Свабода», TikTok-старонкі «chinovniktiktok», «nedeshevka228». Акрамя таго, да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» сёння дадалі сервіс для напісання лістоў палітвязням «Пісьмо.бел».
19 лістапада ў Рэчыцы адбудзецца судовы працэс над лекарам Андрэем Курловічам, якога абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Андрэй Курловіч працуе загадчыкам анестэзійна-рэанімацыйнага аддзялення Рэчыцкай цэнтральнай раённай лякарні. У горадзе і раёне ён вядомы як адзін з найбольш прафесійных лекараў.
У Ваўкавыску затрымалі 16-гадовага юнака за зрэзаны чырвона-зялёны сцяг. Сілавікі сцвярджаюць, што хлопец забраўся праз дзеры на дах дому, дзе убачыў чырвона-зелёны сцяг, дастаў складны нож, адрэзаў яго, пасля чаго схаваў у доме ў шафе. У дачыненні да хлопца распачата крымінальная справа за здзек з дзяржаўных сімвалаў.
У Беларусі з 2020 года па артыкуле 357 КК («Змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады») былі асуджаныя не менш за 67 чалавек, амаль палова з іх – завочна. Зараз у зняволенні знаходзяцца 25 чалавек, асуджаных па гэтым артыкуле, а двое нядаўна былі памілаваныя Лукашэнкам.
У Санкт-Пецярбургу затрымалі 37-гадовага грамадзяніна Беларусі, якога ўлады на радзіме абвінавачваюць у «распальванні варожасці» і «рэабілітацыі нацызму». Паводле звестак, з 2010 па 2020 год ён праз сацыяльныя сеткі публікаваў матэрыялы, скіраваныя супраць народаў Каўказа. Беларус быў абвешчаны ў вышук міліцыяй Барысаўскага раёна 16 верасня. Затрыманне адбылося 14 лістапада ў Санкт-Пецярбургу на вуліцы Кржыжаноўскага. Пасля затрымання яго даставілі ў дзяжурную частку паліцыі Неўскага раёна. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзілі расійскія СМІ.
Раман Шавель belsat.eu