Звесткі ад Марыі Калеснікавай нарэшце з’явіліся 12 лістапада – яна сустрэлася з бацькам. Але палітзняволеная застаецца за кратамі, а рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Пакаралі ганаровага грамадзяніна Мёрскага раёну, а ў Берасці – ужо 14 групаў пратэстоўцаў. Падрабязней – у штодзённым аглядзе.
У Берасці асудзілі 14-ую групу асобаў за ўдзел у пратэснай акцыі 10 жніўня 2020 года, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
У судзе Ленінскага раёну Берасця 6 лістапада пакаралі Артура Трушка, Вадзіма Кутасевіча і Аліну Новікаву паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын.
Берасцейцаў абвінавацілі ў тым, што яны «выкрыквалі лозунгі і дэманстравалі палотнішча бел-чырвона-белага колеру». Трушку і Кутасевічу прызначылі па паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Новікавай – 2 гады абмежавання волі без скіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Ганаровага грамадзяніна Мёрскага раёну, трактарыста Глыбоцкіх электрасетак Станіслава Пілецкага будуць судзіць за «прапаганду нацызму». Па выніках 2021 года ён быў занесены на Дошку гонару Мёрскага раёну.
У канцы кастрычніка мужчыну пакаралі нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а 13 лістапада яго будуць судзіць паводле новай справы – цяпер абвінавачваюць у «прапагандзе нацызму». Працэс ўзначаліць суддзя Ірына Яскевіч.
А ў Рагачове 46-гадовага мясцовага жыхара Аляксандра Акакіева адправілі ў калонію нібыта за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Суд над Акакіевым адбыўся 8 кастрычніка.
Суддзя Ірына Прадун прызначыла Аляксандру паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Падрабязнасці суда невядомыя.
Распачаўся чарговы суд над рэйкавым партызанам з Віцебску. Адміністрацыя Бабруйскай калоніі № 2 ініцыявала ўзбуджэнне справы супраць 52-гадовага палітвязня Сяргея Канавалава паводле ч. 1 арт. 411 КК («Зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Цяпер яму могуць дадаць яшчэ адзін год зняволення. Працэс будзе весці суддзя Павел Карцінін.
У верасні 2022 года Сяргея асудзілі паводле крымінальнай справы аб распальванні нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК) ды рыхтаванні да здзяйснення акту тэрарызму (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 289 КК). Яму прызначылі 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф памерам 300 базавых велічыняў.
Канавалаў працаваў на Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. Быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года. Паводле МУС, мужчына нібыта планаваў знядзеіць сістэмы, што запэўніваюць бяспеку чыгуначнага руху.
Арсен Рудэнка belsat.eu