У Менску 18 траўня асвяцілі і афіцыйна адкрылі першую ў Беларусі Армянскую апостальскую царкву (ААЦ) – бажніцу Святога Рыгора Асветніка. Пра гэта паведамляе БелТА.
Будаўніцтва першай і адзінай бажніцы Армянскай Апостальскай царквы ў Беларусі паводле праекту архітэктара Самвэла Макяна пачалося ў жніўні 2022 года і завяршылася ў красавіку 2025 года. Царква знаходзіцца на вуліцы Філімонава, 32.
,,«Бажніца пабудаваная з армянскага вулканічнага каменя туфу. Гэты камень адмыслова прывезены з Арменіі. Унутранае аздабленне таксама з армянскага каменя – траверціну. Гэта заўсёды будзе нагадваць нам часцінку Радзімы. Усе абразы прывезены з Арменіі», – расказаў іерэй Саркіс, настаяцель менскай царквы.
Для асвячэння царквы ў Беларусь упершыню прыбыў Вярхоўны патрыярх і каталікос усіх армянаў Гарэгін ІІ.
Паводле словаў настаяцеля, службы маюць праводзіцца кожную нядзелю, а ў будучыні, магчыма, будуць гучаць і штодзённыя малітвы на старажытнаармянскай мове.
Арменія была першай краінаю ў свеце, якая прыняла хрысціянства. Адбылося гэта паміж 301 і 314 гадамі. У 451 годзе прадстаўнікі армянскай царквы не здолелі ўзяць удзелу ў Халкідонскім саборы, што справакавала яе аддзяленне ад адзінай на той момант хрысціянскай царквы. На сёння ААЦ ёсць нацыянальнай царквой армянаў, хоць частка іх належыць і да ўніяцкай Армянска-каталіцкай царквы. Духоўны цэнтр Армянскай апостальскай царквы знаходзіцца ў Эчміядзіне (Арменія).
Армяне – гэта шостая паводле колькасці прадстаўнікоў нацыянальнасць у Беларусі. Тут жыве больш як 9,5 тыс. армянаў. Пры гэтым стасункі ўладаў Арменіі з Менскам сапсаваныя праз падтрыманне тым Азербайджану ў яго вайне супраць Нагорнага Карабаху.
Якуб Хруст belsat.eu