Польскія мытнікі падчас агляду грузавога аўтамабіля ў пункце пропуску ў Карошчыне (з беларускага боку – Казловічы) выявілі спробы абысці санкцыі пры пастаўцы самалётных шынаў у Беларусь.

Як беларусы ў Польшчы беларусам у Кыргызстане падсанкцыйныя аўтазапчасткі прадавалі
Як паведамілі ў Нацыянальнай падатковай адміністрацыі, мытнікі выявілі, што кіроўца замест заяўленых аўтамабільных і аўтобусных шынаў перавозіць шыны, якія выкарыстоўваюцца ў грамадзянскіх самалётах «Boeing». Агульная іх вага – 5 тонаў.
Транзіт гэтага тыпу тавараў праз тэрыторыю Беларусі і Расеі падлягае санкцыям Еўразвязу ў звязку з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Грузаадпраўнікам тавару была кампанія з Іспаніі, а атрымальнікам – з Азербайджану.
У сувязі з мытным махлярствам распачатая крымінальная справа. Тавары, што трапілі пад санкцыі, былі затрыманыя.
Ва ўмовах санкцыяў у Беларусі істотна ўскладнілася абслугоўванне і рамонт амерыканскіх самалётаў «Boeing». Колькі іх цяпер у парку «Белавіі», дакладна не вядома. У 2022 годзе намеснік кіраўніка кампаніі Уладзімір Баркун казаў пра 14 суднаў «Embraer» і «Boeing» (пазалетась было 29). Цяпер існуе магчымасць атрымаць неабходныя дэталі да «Boeing» толькі праз шэры імпарт, можна набыць і былыя ва ўжытку, аднак усё гэта зрабілася даражэйшым, а рамонт – даўжэйшым.
Якуб Хруст belsat.eu