навіны

2024 год стане самым спякотным за гісторыю назіранняў

Спёка
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Бягучы год можа стаць самым спякотным за ўсю гісторыю назіранняў, заяўляе Сусветная метэаралагічная арганізацыя ААН напярэдадні кліматычнага саміту ў Баку.

Паводле СМА, сёлета сярэдняя глабальная тэмпература ў перыяд са студзеня па верасень была прыкладна на 1,54 градусы па Цэльсіі вышэйшай, чым напрыканцы ХІХ стагоддзя. У той жа час, паводле экспертаў, доўгатэрміновае пацяпленне, якое вымяраецца напрацягу дзесяцігоддзяў, застаецца ніжэйшым за 1,5°C.


Яшчэ ў 2015 годзе ў Парыжы амаль 200 краінаў паабяцалі паспрабаваць абмежаваць доўгатэрміновае падвышэнне тэмпературы да гэтага ўзроўню, спадзеючыся пазбегнуць некаторых з найгоршых наступстваў змены клімату.


Метэаролагі зазначаюць, што акіяны награюцца хутчэй, чым калі-небудзь раней у гісторыі. Акрамя таго, павялічваецца хуткасць расставання ледавікоў. Цягам 2023 года льду растала больш, чым ад пачатку назіранняў у 1953 годзе. Хутка растае таксама і марскі лёд. Апошнія 10 гадоў сталі самымі цёплымі за ўсю гісторыю назіранняў.


Эксперты адзначаюць, што папярэджвалі пра тое, што цяпер адбываецца, напрацягу шматлікіх гадоў.


У новай заяве СМА пра стан клімату за 2024 год абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі праз імклівае змяненне клімату цягам жыцця аднаго пакалення, якое пастаянна паскараецца. Страта ледавікоў, падвышэнне ўзроўню мора і нагрэў акеану паскараюцца, а экстрэмальныя ўмовы надвор’я прыносяць шкоду людзям і эканоміцы па ўсім свеце.

,,

«Кліматычная катастрофа наносіць удар па здароўі, павялічвае няроўнасць, прыносіць шкоду ўстойліваму развіццю і падрывае асновы свету. Уразлівыя пласты насельніцтва церпяць больш за ўсіх», – заявіў Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.


Паводле генеральнай сакратаркі СМА Селесты Саула, «рэкордныя ападкі і паводкі, трапічныя цыклоны, якія хутка ўзмацняюцца, смяротная спёка, засуха, якая не спыняецца, прыродныя пажары, якія сёлета мы назіралі ў розных частках свету – гэта, на жаль, нашая новая рэчаіснасць і прадвесце нашай будучыні».


Кліматычная канферэнцыя ААН сёлета праходзіць у Азербайджане. Яна збярэ прадстаўнікоў прыкладна 200 краінаў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10