Улады Японіі спрабуюць вызваліць асуджанага ў Менску японскага грамадзяніна Масатосі Наканісі. Але шматмесяцовыя намаганні пакуль выніку не далі.
«З моманту інцыдэнту ўрад падтрымлівае сувязь з беларускім бокам, у тым ліку лабіючы неадкладнае вызваленне. Мы працягнем належным чынам рэагаваць з пункту гледжання абароны японскіх грамадзянаў», – заявілі ў амбасадзе Японіі выданню NHK.
Масатосі Наканісі – грамадзянін Японіі. Ён выкладаў японскую мову ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Яго затрымалі яшчэ ў ліпені 2024 года, але падрабязнасці ягонага пераследу распавялі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. Сцвярджалася, што мужчына «ажыццяўляў збор і перадаванне на адрас японскай спецслужбы выведнай інфармацыі вайсковага характару».
З 14 студзеня ў Менскім гарадскім судзе ішоў над ім працэс, які вяла суддзя Анжэла Касцюкевіч. 17 сакавіка яна вынесла палітзняволенаму прысуд – 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф 21 тыс. рублёў. Замежніку прызначылі максімальны тэрмін зняволення. Яго абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі) з 2018 да 2024 года.
Якуб Хруст belsat.eu