Калі месяц таму Ілан Макс заявіў, што «Радыё Свабода» і «Голас Амерыкі» трэба закрыць, бо іх «больш ніхто не слухае» і там працуюць «варʼяцкія радыкальныя левыя», ён меў рацыю ў адным – наконт «не слухае». Бо гэтыя СМІ ўжо некалькі гадоў не радыё ў простым значэнні гэтага слова.
Напрыклад, расейская рэдакцыя «Радыё Свабода» яшчэ ў 2013 годзе перайшла ў лічбавы фармат пасля таго, як Пуцін падпісаў закон, што забараняў радыётрансляцыю на тэрыторыі Расеі кампаніям, у якіх 48 % належаць замежным уладальнікам. Але і само радыё ў простым значэнні гэтага слова таксама адыходзіць у мінулае. Дый радыёпрымач з кароткімі хвалямі як гаджэт сёння можна ўбачыць хіба што ў камісіёнцы.
Паспрабуй сёння растлумачыць маладым людзям, што такое тэлерадыёла. Маё дзяцінства – гэта «Беларусь-110». Гэта і прайгравальнік, і радыё з усімі хвалямі, і тэлевізар. У кагосьці былі асобныя радыёлы.
,,«Маё пакаленне памятае медны хвалісты дрот ад прымача да карніза над акном. У кожнага ў хаце былі прылады, каб лепш «лавіліся» станцыі. І кожны госць адразу разумеў, якія менавіта станцыі цікавілі гаспадароў дому».
Гэта цяпер падлеткі ходзяць з тэлефонам. А ў мой час крутыя хлопцы мелі на руках транзістарны прыёмнік «Spīdola». Мінулі гады – а я дагэтуль памятаю прамову дырэктара школы на сходзе: «Паглядзіце на гэтых вучняў! Я нават не кажу пра іхны выгляд. Але ж у іх нават "Спідолы" настроеныя на варожую хвалю! І што?! Гэтыя людзі будуць будаваць камунізм?!»
Эх! Меў рацыю Уладзімір Пятровіч Гуд. Яшчэ як меў рацыю. Мае джынсы «клёшы ад калена» і «французская лесвічка» на галаве выдавалі ўва мне каго заўгодна, але толькі не будаўніка камунізму. А ўжо пра варожыя хвалі няма чаго і казаць.
А газеты таго перыяду?
,,«Напэўна, ніводзін выпуск не абыходзіўся без карыкатуры на «варожыя галасы» – прымач, з яго ідуць гукавыя хвалі, што ўліваюцца ў вушы нейкіх тыпаў з неверагоднымі фізіяноміямі. Але ні карыкатуры, ні фельетоны, ні палітінфармацыі пра «іхныя норавы» не маглі паўплываць на сітуацыю – людзі хацелі ведаць праўду».
І калі гучала, што на Японію абрынулася цунамі, змываючы ўсё жывое з твару зямлі, а за некалькі кіламетраў на тэрыторыі СССР «ахвяраў і разбурэнняў няма», то народ кідаўся да радыёпрымачоў, каб ведаць, што ж там здарылася.
Камуністычная ідэалогія трашчала па швах і адказнасць за гэта ўскладалася на «варожыя галасы» – «Голас Амерыкі», Бі-Бі-Сі, «Радыё Свабода», «Нямецкая хваля»… І вось ужо абвешчаная «перабудова». А ўслед за гэтым – «галоснасць». І панеслася: «Огонёк» Віталя Кароціча, «Новый мир» Сяргея Залыгіна, «Московские новости» Ягора Якаўлева. А потым адкрыццё фондаў у публічных бібліятэках з забароненай літаратурай. Фільмы ў пракаце, якія гадамі пыліліся на паліцах. І вось нарэшце – 30 лістапада 1988 года ў СССР перасталі глушыць замежныя радыёстанцыі!
,,«12 чэрвеня 1990-га прынялі закон аб друку, які абвясціў свабоду СМІ і забараніў цэнзуру. Сёння нават цяжка ў такое паверыць. Як жа мала доўжыўся гэты глыток свабоды!»
«Радыё Свабода», над якім цяпер навісла пагроза закрыцця, ізноў стала адным з тых СМІ, што дае людзям абʼектыўную інфармацыю. Ва ўмовах беспрэцэдэнтнай гібрыднай вайны ў выпадку закрыцця любога такога СМІ прапагандзе значна лягчэй будзе рыхтаваць глебу для прамывання мазгоў. А гаворка ж ідзе пра мільёны людзей хаця б у той жа Расеі, што ваюе і з экранаў ды Z-каналаў рыхтуе сваё насельніцтва да вайны з усім цывілізаваным светам. Але акрамя Расеі ёсць яшчэ і Беларусь, і Кітай, і Іран, і шмат іншых краінаў, дзе пра вольныя СМІ можна толькі марыць.
Наогул, «Радыё Свабода» ўжо нешта такое перажывала. У 1972 годзе амерыканскі сенатар Джэймз Фулбрайт таксама патрабаваў закрыць «Свабоду». Быў скандал і радыё называлі адным з падраздзяленняў ЦРУ. Тады палітолагі, сенатары, журналісты змаглі СМІ абараніць. Але Кангрэс скараціў фінансаванне і многіх працаўнікоў звольнілі. Было рознае за гэтыя гады. Але дайшло да таго, што офіс беларускай службы ў 2021-м эвакуяваўся ва Украіну з вядомых прычынаў, а літаральна за некалькі дзён да бамбавання Кіева журналісты перабраліся ў Літву.
,,«Так, «Радыё Свабода» даўно не радыё. Але хіба мае гэта цяпер нейкае значэнне? Гучыць крыху дзіўна, што радыё трэба не слухаць, а глядзець. Але ж і глядзець яго ў Беларусі цяпер нашмат больш небяспечна, чым раней было слухаць».
Узгадваю цяпер сваю працу на «Свабодзе» з 1997 года, калі яна была яшчэ радыё. За тыя 15 гадоў я не прапусціла ніводнай акцыі. А іх былі дзясяткі за год. Працаваць заўсёды было небяспечна, праўда, тады журналістаў не абвінавачвалі ва ўсіх злачынствах і не садзілі ў турму паводле крымінальных артыкулаў. Але перашкоды для працы рабіліся ўвесь час. У тыя часы не прынята было казаць пра выгаранне і з гэтай праблемай кожны спраўляўся па-свойму. Для мяне найлепшая тэрапія магла быць у самых нечаканых месцах. Напрыклад, у звычайнай міжгародняй маршрутцы. Бо дастаткова было сказаць пару словаў кіроўцу, як нехта абавязкова пытаўся, ці не твой голас ён чуе кожны дзень, трымаючыся рукой за антэну.
Колькі людзей слухалі? Не ведаю дакладна. А колькі людзей ва ўсім свеце чытаюць «Свабоду» цяпер? Праграмны дырэктар Камітэту абароны журналістаў Карлас Марцінэс дэ ля Сэрна ў сваім звароце 15 сакавіка назваў лік – 47 мільёнаў асобаў. А генеральны дырэктар «Свабоды» Стывэн Капус сказаў: «Іранскія аятолы, кітайскія камуністы, аўтакраты ў Маскве і ў Менску сталі б святкаваць знішчэнне радыёкампаніі, якая вяла трансляцыю 75 гадоў».
Як жа хочацца верыць у амерыканскую дэмакратыю – і каб наступныя пакаленні таксама ў яе верылі! «Радыё Свабода» асацыюецца са статуяй Свабоды – сімвалам дэмакратыі. Цяпер знішчыць «Свабоду» ў той час, як яе журналісты застаюцца за кратамі, хіба не здрада? Пакуль жа журналісты працуюць да канца месяца. І ніхто з іх не можа дакладна ведаць, што будзе потым. Але мы працягваем спадзявацца.