У Беларусі вялікія выхадныя часта становяцца прычынай павелічэння чэргаў на памежных пунктах у заходнім кірунку. Паглядзелі, што адбываецца на гэтую хвіліну.
Паводле паведамлення Дзяржаўнага памежнага камітэту, станам на 16 гадзін суботы на пераходзе ў Берасці ў кірунку Польшчы скапілася 515 легкавых аўтамабіляў. Гэта на трыста аўтаў меней, чым днём раней. Тым не менш чэргі яшчэ даволі ўнушальныя, і прыходзіцца чакаць падоўгу.
У справаздачах, якія публікуюцца падарожнікамі, адзначаецца, што з улікам электроннай рэгістрацыі аўтамабіля ўвесь шлях можа займаць больш за двое содняў, часам даходзіць ажно да трох. Напрыклад, адзін з карыстальнікаў чата піша пра 2 дні, 15 гадзін чакання пасля рэгістрацыі плюс уласна праходжанне мяжы – 6 гадзін. Прыблізна так жа апісваюць сітуацыю і астатнія карыстальнікі – чакаць даводзіцца (без уліку самой мяжы) каля 60 гадзін.
Выехаць з Польшчы пакуль удаецца без моцных затрымак. Але ўжо перад шлагбаўмам фіксуюць чаргу з аўтамабіляў. Як правіла, называецца прыблізная лічба ў 20 аўтамабіляў. Праходжанне самой мяжы можа заняць ад 5 да 8 гадзінаў.
Што да колькасці аўтобусаў у бок Польшчы, то Дзяржаўны памежны камітэт фіксуе толькі два ў чарзе. Раніцай 9 лістапада карыстальнікі пісалі пра 5 аўтобусаў. У водгуках адзначаецца, што іх прапускаюць за шлагбаўм даволі хутка.
Што да праезду з Польшчы ў Беларусь, то, паводле карыстальнікаў, праходжанне мяжы можа займаць ад 9 да 12 гадзін.
У літоўскім напрамку Дзяржаўны памежны камітэт не фіксуе легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.
Ёсць выпадкі, калі праезд на аўтобусе абодвух памежных пунктаў займае рэкордныя 1 гадзіну 15 хвілін. Агулам жа дарога з Менска ў літоўскі аэрапорт можа заняць не болей 4 гадзін. Гэта здзіўляе нават саміх падарожнікаў. Але адзначаюць, што часам сутыкаюцца з вельмі пільным даглядам рэчаў з боку літоўскіх памежнікаў.
Што да праезду з Літвы ў Беларусь на аўтамабілі, то ўся мяжа можа займаць ад 4 да 7 гадзін, у чарзе – да 20 машын.
Хутчэй за ўсё, асаблівыя чэргі яшчэ наперадзе, бо 10 лістапада – апошні дзень доўгіх выхадных у Беларусі, таму многія суайчыннікі пацягнуцца на радзіму, каб патрапіць на працу.
Раман Шавель belsat.eu