7 лістапада менскае «Дынама» згуляла свой трэці матч у Лізе Канферэнцыяў UEFA. Гэтым разам – на вогненнай арэне варшаўскай «Легіі», стадыёне імя маршала Юзафа Пілсудскага. Самую «Легію» яе заўзятары з любоўю называюць «вайсковымі». Ці далі бой «вайсковым» менскія дынамаўцы? Выніковы лік – 0:4 не на карысць футбалістаў з Менску. «Белсат» пабываў на матчы.
Ужо за некалькі гадзін да пачатку гульні – перад стадыёнам сотні заўзятараў. Амаль усе – з зялёна-чырвона-белымі шалікамі «Легіі». Вылічыць беларусаў няцяжка – яны без атрыбутаў. Застаецца падысці і прыслухацца, на якой мове гутараць.

«Я буду заўзець за прыгожы футбол»
Знаёмімся з менчуком Аляксандрам, які пажыў у Партугаліі, але паўгода таму перабраўся ў Варшаву.
«Люблю футбол. Таму сёння прыйшоў на «Легію». Але на пачатку 2000-х заўзеў за менскае «Дынама». За каго буду сёння? Мне здаецца, трэба заставацца людзьмі, трэба падтрымліваць усё беларускае. А калі гэта не беларускае, то падкрэсліваць, што гэта не мы. І гэтае «Дынама» у цяперашняй сітуацыі, на маю думку, – не беларускае. Там зараз гульцы, якім увогуле не падабаецца быць беларусамі», – кажа Аляксандр.
Заўзятар прызнаецца, што за «Легію» заўзець не будзе – будзе заўзець супраць «Дынама». І робіць прагноз: 3:0 на карысць польскага клубу.
Непадалёку бачым Аляксандра Івуліна – журналіста, футбаліста і былога палітвязня. Асоба, якая прыцягвае іншых беларусаў, у якой бы частцы стадыёну ці свету тыя ні знаходзіліся.
«Ой не задавай мне ўсякіх вострых пытанняў! Я буду заўзець за прыгожы футбол. Усё адно – «Дынама» ці не «Дынама». Мне вельмі хочацца паглядзець сёння на беларусаў, якія змогуць сказаць тое, што не могуць казаць беларусы ўнутры краіны. Я прыйшоў кайфануць. Я хачу паглядзець, як беларусы сябе праявяць, хачу кайфануць ад атмасферы і пабачыць вельмі шмат бел-чырвона-белых сцягоў. Вось чаму я тут», – гаворыць Аляксандр Івулін.
«А ў мяне дачка будзе сядзець на трыбуне «Легіі» і заўзець за «Дынама», – прызнаецца яшчэ адзін беларускі аматар футболу.

«Ніхто з вас не будзе дараваны!»
Стадыён ажывае. Спяшаемся да ўваходных брамак. Да пачатку – 20 хвілін. У Варшаве плюс 6 і троху імжыць. Але калі заходзіш на трыбуну, накатвае гарачая хваля эмоцыяў, якія распаляе фанацкая трыбуна варшаўскай дружыны.
Заўзятары «Легіі» размяшчаюцца на так званым «жылеце» (ад польскага żyletka – лязо) – на паўночнай трыбуне арэны. Яна амаль уся белая (з украпінамі чырвонага і зялёнага). І пякельна вострая – ва ўсіх сэнсах.
«Łukaszenka? Co? Ty k…a», – магутна рэжа атмасферу стадыёна крычалка «жылеты».
Яшчэ адна таксама тычыцца той самай асобы. Калі пераказаць (польскі выраз лепей не будзем прыводзіць), то гаворка пра аднаго вусатага і вельмі баязлівага чалавека, які са страху вылізвае адно інтымнае месца Уладзіміру Пуціну.
Фанацкая трыбуна працуе настолькі гучна і зладжана, што, здаецца, гукавая хваля зараз жа змяце з газону супраціўнікаў польскага клубу.
Дынамаўцы ў сінім. Матч абслугоўвае арбітр з Турцыі. На 10 хвіліне бразільскі легіянер «Легіі» Лукінас адкрывае лік. На стадыёне пануе эйфарыя.
,,«Сінія» нясуць мяч да цэнтру поля. «Жылета» робіць паўзу. І ў гэты момант з паўднёвай трыбуны гучыць: «Жыве Беларусь!».
Так, нягледзячы ні на што, на матчы з'яўляецца беларускі заўзятарскі сектар. На ім – каля паўсотні бел-чырвона-белых сцягоў. Беларусы разварочваюць банер з надпісам «Стоп, Лука!». А пазней складваюць з банераў цэлы тэкст і сапраўды кажуць тое, чаго не могуць сказаць зараз нашыя суайчыннікі ўнутры краіны: «МУС, КДБ, ГУБАЗіК – ланцужныя псы рэжыму! Ніхто з вас не будзе дараваны! Вы зрабілі ўсё, каб памерці, як шваль», – чытаем.
На пачатку другога тайму беларусы ўздымаюць банер з абрысамі закратаванай Беларусі з патрабаваннем вызваліць усіх палітычных зняволеных. «Слава загінулым героям Беларусі! Падтрымку беларускім добраахвотнікам!» – будзе напісана на іншым.
Палякі не адстаюць. «Жылета» прарочыць «смерць Лукашэнку і яго пагаматым за знішчэнне магілаў польскіх герояў» (надпіс на банеры) і патрабуе свабоды зняволеным у Беларусі палякам. На адной з расцяжак надпіс: «Трымайся, Джым». Словы падтрымання адрасуюцца заўзятару менскага «Тарпеда» і палітвязню, асуджанаму беларускім рэжымам на 6 гадоў калоніі.

Прайграны бой
У першым тайме гульня глядзіцца роўнай, а мы спрабуем быць нейтральнымі. Адзначаем для сябе дзеянні Паўла Сядзька і Вадзіма Пігаса, адважна высокую гульню брамніка Лапухова.
Але пасля 11-метровага ўдару (2:0 – Гуаль), прызначанага на пачатку другога тайму (54 хвіліна) за гульню ў штрафной плошчы рукой, дынамаўцы пачынаюць сыпацца. Праз тры хвіліны другі свой мяч забівае ў гэты дзень Лукінас, яшчэ праз тры – зноў Гуаль.
Стадыён спявае. Менскія дынамаўцы разгромленыя і не маюць чым адказаць… Па фінальным свістку сыходзяць з поля з апушчанымі галовамі. Была ў нас нейкая бязглуздая надзея: а раптам хтось адважны паверне да паўднёвай трыбуны і падыдзе да БЧБ-сектару. Дарэмна…

Аўтар гэтых радкоў ніколі не фанацеў за «Дынама». Хаця – хлусня! Было. Незабыўны 1982-гі і чэмпіёнскае «Дынама» на чале з легендарным Эдуардам Малафеевым. Пасля той перамогі ў чэмпіянаце СССР мы, тады падлеткі, ледзь не маліліся на Пракапенку, Алейнікава, Гурыновіча…
Праз 42 гады у Варшаве, пад неверагодныя спевы варшаўскіх ультрас, ловіш сябе на тым, што табе сорамна за «Дынама». І што табе… шкада гульцоў. Ужо ведаеш, што не умееш заўзець «супраць», што не здолееш быць нейтральным і што будзеш прасіць свайго рэдактара ніколі не пасылаць цябе на такія вось матчы.
Але ад чаго можна было і праўда кайфануць (крадзем гэты выраз у Аляксандра Івуліна), дык ад беларускага фанацкага сектару. За што заўзятарам, якія там былі, сардэчна дзякуем!

Але ж вось: галоўны трэнер «Дынама» Вадзім Скрыпчанка ніякіх банераў на фанацкіх сектарах не чытаў, а што менавіта скандавалі заўзятары, не чуў. «Я быў засяроджаны на гульні», – казаў ён на пасляматчавай прэс-канферэнцыі. Нічога, Вадзім Віктаравіч, чулі і бачылі гэта дзясяткі тысяч людзей. Пабачаць сотні тысяч.
Дык ці далі бой «вайсковым» менскія дынамаўцы 7 лістапада? Не. Не далі рады. Бо за спінамі «вайсковых» кіпела і спявала «жылета». А за дынамаўскай спінай стаяў толькі адзін вусаты і вельмі баязлівы чалавек. Прынамсі так гэта бачыцца адсюль, з Варшавы. Бой прайграны. Гэта было трэцяе запар паражэнне менскіх дынамаўцаў у Лізе Канферэнцый UEFA.
Зміцер Міраш belsat.eu