навіны

Хроніка рэпрэсіяў: судзяць сем’ямі і павялічваюць тэрміны пакарання

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: novayagazeta.ru
podpis źródła zdjęcia

«Белсат» вядзе хроніку штодзённага пераследу беларусаў з боку афіцыйных уладаў. 6 лістапада не стала выключэннем – пераслед «нязгодных» з рэжымам не спыняецца.

Стала вядома, што па стане на 6 лістапада 2024 года, за «здраду дзяржаве» па крымінальным арт. 356 ў Беларусі асудзілі мінімум 88 чалавек, 13 з іх – жанчыны. Гэта лічба імкліва расце, бо дзевяць месяцаў таму яна была амаль удвая меньшая.


Паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса могуць прызначыць пакаранне ад сямі да 15 гадоў калоніі. А згодна з ч. 2 – ажно да смяротнага пакарання. Нагадаем, у 2023 годзе ў Крымінальны кодэкс былі ўнесены змены. Цяпер згодна ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса «здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца», караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад дзесяці да дваццаці гадоў са штрафам або без штрафу, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем.


Дванаццаць найбуйнейшых праваабарончых арганізацый выступілі з адкрытым лістом аб падтрымцы перадачы Літвой у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда сітуацыі, звязанай са злачынствамі супраць чалавечнасці, здзейсненымі вышэйшым кіраўніцтвам рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта стала вядома з матэрыялаў Сусветнай арганізацыя супраць катаванняў (OMCT). Яны заклікаюць дзяржавы-удзельніцы МКС далучыцца да звароту Літвы з просьбай аб расследаванні такіх злачынстваў.


У Лідзе зачыніўся рэстаран «Vashi Guli». Пра гэта, як заўважылі праваабаронцы «Вясны», з радасцю паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы. Гэтым летам уладальніка ўстановы як мінімум двойчы затрымлівалі, абвінаваціўшы ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле інфармацыі праўладных тг-каналаў, закрыццё рэстабара звязанае менавіта з гэтымі затрыманнямі.


За «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК) у Менскім гарадскім судзе 6 лістапада пачалі судзіць палітзняволенага фатографа Арцёма Зянькова. Вядома, што ён займаецца фатаграфіяй і мае фірму, якая дае ў арэнду фотаабсталяванне. Судовы працэс узначальвае суддзя Жанна Брысіна. Іншыя акалічнасці справы праваабаронцам невядомыя.


Супрацоўніка «Белтэлекама» Юрыя Паршко судзілі за «экстрэмізм» на працоўным месцы. Гэта вынікае з раскладу суда Лепельскага раёна, піша тг-канал «Віцебск, я гуляю». Вынік паказальнага палітычнага суда пакуль невядомы. Судзіў Юрыя Паршко за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і «анлайн-пікетаванне» Міхаіл Юрчанка. Падобныя суды праходзяць па ўсёй Беларусі. Сілавікі правяраюць на прадпрыемствах у працаўнікоў тэлефоны, а пасля іх затрымліваюць. У некаторых выпадках дзясяткамі.


Менскаму бізнесоўцу Генадзю Саўрыцкаму і ягонай сям'і пагражае па 12 гадоў зняволення за «распальванне варожасці». Вядома, што мужчына валодае кампаніяй ААТ «Анастан», якая займаецца вытворчасцю пенапласту. Суд над сям'ёй пачнецца 13 лістапада ў Менскім гарадскім судзе. Судзіць сям'ю Саўрыцкіх будзе Міхаіл Макарэвіч. Акалічнасці справы невядомыя.


Стала вядомая прычына смерці палітвязня Дзмітрыя Шлетгаўэра. Чалавек, які знаёмы з сям’ёй Шлетгаўэр, расказаў выданню «Зеркало», што ў пасведчанні аб смерці палітвязня ўказана прычынай «механічная асфіксія». Такое ўдушэнне можа здарыцца як праз самагубства, так і праз забойства ці няшчасны выпадак.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10