У Лошыцкім яры больш няма памятнага крыжа на месцы меркаванага пахавання забітых у 1930-я гады, паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».
«Спадчына» адзначае, што надзейных сведчанняў пра выкананне расстрэлаў у Лошыцы няма, хоць яр стаўся традыцыйным месцам мітынгаў на Дзяды.

Раскопак, як у Курапатах, у Лошыцкім яры не было. Інфармацыя пра месца рэпрэсіяў з’явілася са словаў мясцовых жыхароў.
«Расстрэльвалі на працягу цэлага 1937 года. Людзей прывозілі ў „хапунах” і часам на бартавых грузавіках, завязаных і пад наглядам аховы, – расказваў у 2007 годзе Зянон Пазняк. – Як правіла, прывозілі рана (а 5-6-й раніцы) па некалькі машынаў і тут жа расстрэльвалі. Некаторыя з лошыцкіх старажылаў расказвалі мне ў 80-х, што бачылі, як вазілі і нават як расстрэльвалі. Сказаныя на смерць былі бедна апранутыя, простыя людзі. Зафіксаваныя таксама асобныя факты, калі мясцовыя камсамольцы-сексоты НКУС і лошыцкія падонкі (сексоты) бралі ўдзел у расстрэлах „ворагаў народу” тут, у Лошыцкім яры».
Тады ж Пазняк паведаміў, што планаваў правесці раскопкі ў яры, але велізарны яр раптам засыпалі. Паводле звестак палітыка, гэта адбылося з падачы КДБ.
Крыж усталявалі ў 1994 годзе актывісты Беларускага народнага фронту. Эскіз стварыў мастак Мікола Купава.
«Гэта было перад Дзядамі, – узгадваў у 2007 годзе Купава. – Тады ўжо было вядома, што там былі экзекуцыі. Мы змеркавалі ставіць крыж, неслі яго. Шэсце было. Усё ж гэта не Курапаты, дзе сабраліся дзясяткі тысячаў людзей. Гэта было лякальнае месца. Тым не менш сабралася дастаткова людзей для такога мікрараёну. Мы адкрылі крыж, ён быў асвечаны ў трох канфесіях».
Паводле Пазняка, у Лошыцы расстраляныя і закапаныя ад 7 да 10 тысячаў чалавек.
Арсен Рудэнка belsat.eu