Рэпартаж

«Некаторым будзе балюча, але няхай чытаюць». Сяргей Падсасонны прэзентаваў у Варшаве кнігу «Сучасны польскі Дастаеўскі»

Журналіст Сяргей Падсасонны дае аўтограф падчас прэзентацыі сваёй кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Журналіст Сяргей Падсасонны дае аўтограф падчас прэзентацыі сваёй кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Філолаг, літаратуразнаўца і журналіст Сяргей Падсасонны прэзентаваў 25 кастрычніка ў Варшаве кнігу «Сучасны польскі Дастаеўскі», над якой працаваў восем гадоў. 724-старонкавы том, які выйшаў у выдавецтве Варшаўскага ўніверсітэта, прысвечаны «польскай рэцэпцыі Дастаеўскага ў сучаснай медыяпрасторы». На аўтарскай сустрэчы Падсасонны распавёў пра гэйт на яго адрас пасля публікацыі кнігі і патлумачыў, чаму яго праца не толькі пра Дастаеўскага.

Прэзентацыя кнігі прайшла ў беларускім бары «Connect», які нядаўна адчыніўся ў Варшаве. Пачалося з кагнітыўнага шоку – Сяргей Падсасонны размаўляе па-расейску! Не змяшчалася ў галаве…

«Перастаць казаць пра тое, на якой мове мы гаворым»

Больш вядомы як журналіст і вядоўца беларускамоўных праграм на тэлеканале «Белсат», Сяргей Падсасонны тлумачыць, што вырашыў «ні пад каго не падлагоджвацца: «Кніга выйшла па-расейску – і прэзентацыя таксама будзе па-расейску». Ён выказвае ўдзячнасць рэцэнзентам «Сучаснага польскага Дастаеўскага» Анджэю дэ Лазары і Хенрыку Папроцкаму, рэдактарам Якубу Азімеку і Алене Аземшы, дзякуе сваім студэнтам, калегам, сябрам ды партнёру. Але асаблівую падзяку Падсасонны адрасаваў гэйтарам, «якія так запаліліся пасля таго, як выйшла гэтая кніжка».

Журналіст Сяргей Падсасонны падчас прэзентацыі сваёй кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Журналіст Сяргей Падсасонны падчас прэзентацыі сваёй кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Можна было пакрыўдзіцца, зачыніцца і сказаць: "Ды і пайшлі вы ўсе, больш нічога рабіць не жадаю". А вось мне вельмі нават хочацца! Таму што гэта не расейская культура, не расейская мова і не расейска літаратура зрабіла тое, што зрабіла. Гэта [Уладзімір] Пуцін ператварыў расейскую мову і культуру, як кажа пісьменнік Міхаіл Шышкін, у зону радыёактыўнага забруджвання, да якой нельга дакранацца», – кажа Сяргей Падсасонны.

«А дзе сваю кнігу на зразумелай "русскому миру" мове Подсосонны будзе прадаваць? Ці ў Маскве?», – цытуе аўтар «Польскага Дастаеўскага» сваіх інтэрнэт-«апанентаў» і абводзіць рукамі запоўненую слухачамі прастору беларускага бара ў Варшаве («Як бачна, так, у Маскве...»).

Да тэмы мовы, «зразумелай "русскому миру"», аўтар даследавання пра Фёдара Дастаеўскага звернецца яшчэ раз напрыканцы сустрэчы, калі будзе казаць пра непрыманне культуры адмены («cancel culture»).

,,

«Тое, да чаго, напэўна, нам усім варта ісці, – перастаць казаць пра тое, на якой мы мове гаворым. Важна, што мы кажам і што мы нясем у гэты свет. І калі мы нясем "русский мир" на беларускай або ўкраінскай мове, ён усё роўна будзе "русским миром". А калі мы яго не нясем на расейскай мове, а гаворым пра нейкія больш значныя каштоўнасці, то гэта важна і каштоўна», – сцвярджае Сяргей Падсасонны.


Даследаваў 1200 публікацый у «Gazeta Wyborcza» за 30 гадоў

«Асабістая гісторыя з Дастаеўскім» пачалася для Подсасонного яшчэ ў школе – пасля чытання « Ідыёта». «Гэта быў для мяне настолькі цікавы тэкст, што я сышоў у яго цалкам. І зразумеў, што жадаю гэтым займацца», – прызнаецца журналіст. Зацікаўленасць падмацавалі пазней выкладчыкі Гомельскага ўніверсітэта, дзе Падсасонны напісаў кандыдацкую працу на тэму граху ў творчасці Дастаеўскага. Але абараніць яе ў Беларусі не атрымалася.

У 2008 годзе, пасля затрымання і допыту ў КДБ (ён тады ўжо супрацоўнічаў з «Белсатам») Сяргей быў вымушаны з'ехаць у Польшчу. Сваю дысертацыю ён абараніў праз некалькі гадоў ужо ў Варшаўскім універсітэце, але першую кнігу – манаграфію «Грэх паводле Дастаеўскага», паспеў выдаць яшчэ ў Беларусі (у 2007 годзе). Ён жа – аўтар паўсотні навуковых артыкулаў, прысвечаных Дастаеўскаму.

Над кнігай «Сучасны польскі Дастаеўскі: рэцэпцыя пісьменніка ў штодзённіку "Gazeta Wyborcza" (1989–2019)» Падсасонны працаваў з 2016 года. Чаму менавіта «Gazeta Wyborcza»? Паводле аўтара, менавіта гэты штодзённік, гісторыя якога пачалася «разам з падзеннем камунізму», бесперапынна адлюстроўваў жыццё краіны. І ніякае іншае выданне не звярталася да тэмы Дастаеўскага так часта.

Новая кніга Сяргея Падсасоннага. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Новая кніга Сяргея Падсасоннага. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Падсасонны пераглядзеў усе выданні «Выборчай» за 30 гадоў існавання газеты (да 2019 года). Адшукаў і прааналізаваў 1200 публікацый, у якіх згадваецца Фёдар Дастаеўскі. Так паўстала кніга.

«Гэтыя публікацыі ўсе тут. Акрамя гэтага – тэатральныя і кіношныя рэцэнзіі, кнігі, манаграфіі. І гэта ўсё чаплялася адно за другое, і атрымаўся такі вялікі спрут, васьміног, які вырастаў у розныя бакі. Ты бярэш нейкую тэатральную рэцэнзію, чытаеш, а потым бачыш афішу ў тэатры і ідзеш на спектакль... Я ездзіў і сустракаўся з акцёрамі. З Янам Навіцкім, які сыграў Стаўрогіна і Рагожына ў Анджэя Вайды. Яго ўжо няма ў жывых, ён памёр. Літаральна ў працэсе напісання кнігі людзі паміралі, і мы перапісвалі даты...», – распавядае Сяргей Падсасонны.

У выніку «Польскі Дастаеўскі» Падсасоннага становіцца для чытача правадніком у свет не толькі польскай, але і сусветнай культуры ды палітыкі.

«Небяспечны Дастаеўскі, якога нагінае Дугін»

«Кніжка вельмі розная. Мы можам знайсці ў ёй разважанне пра беларускую незалежнасць, пра ўкраінскую незалежнасць, пра пагрозы "русского міра», – кажа аўтар.

Журналіст Сяргей Падсасонны падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Журналіст Сяргей Падсасонны падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

На сустрэчы з чытачамі Сяргей Падсасонны распавядае пра стваральніка тэорыі паліфаніі ў літаратурным творы Міхаіла Бахціна, які доўгі час жыў у Віцебску. Пра псіхааналітыка з Менска Таццяну Разенталь, якая задоўга да Зігмунда Фрэйда пісала пра псіхааналіз. Пра Васіля Быкава, якога ў публікацыі газеты Сакрат Яновіч называе «Дастаеўскім Беларусі». Ёсць у кнізе і пра Святлану Алексіевіч. Але ёсць і пра тэнісістку Наталлю Звераву. Кантэксты – зусім розныя, часам зусім нетыповыя (адна з апошніх глаў кнігі прысвечана толькі ім).

«Але ёсць, канешне ж, у гэтай кнізе і Лукашэнка. Куды ж без яго», – з усмешкай заўважае Сяргей Падсасонны (праверылі: ёсць, але ўсяго адна згадка).

Падсасонны распавядае, як у 2007 годзе міністр адукацыі Польшчы Раман Гертых спрабаваў выкрасліць Дастаеўскага са школьнай праграмы, успамінае спальванне кніг у Нямеччыне 1930-х і ў сучаснай Беларусі. Зноў вяртаецца да разумення культуры адмены: «Забівае не расейская культура, а трансфармацыя гэтай культуры».

,,

«Калі глядзець на раманы Дастаеўскага, то гэта адна паэтыка. Калі паглядзець на яго «Дзённік пісьменніка» і публіцыстыку, то вы ўбачыце іншага Дастаеўскага. І вось там – гэты небяспечны Дастаеўскі, якога сёння ва ўсе бакі нагінае, як хоча, Дугін у сваёй прапагандзе», – разважае Сяргей Падсасонны.


У кнізе Падсасоннага і пра Дастаеўскага – шавініста.

Журналіст кажа, што кнігу пра «польскага Дастаеўскага» можна было б пісаць бясконца, але ён ставіць кропку. Паводле аўтара, пасля поўнамаштабнай вайны 2022 года, не толькі тэксты пра Дастаеўскага, «але і наогул расейская літаратура патрабуе зусім іншай метадалогіі».

«У ім шмат чорнага, але заканчвае ён надзеяй»


Калі аўтару даследавання задаюць пытанне пра тое, каго ён бачыць чытачамі «Сучаснага польскага Дастаеўскага», Падсасонны кажа, што кніга будзе цікавая не толькі студэнтам.

Рэдактар Алена Аземша дадае, што гэтая кніга – для ўсіх: »Гэтая кніжка... Я б нават не сказала, што яна пра Дастаеўскага. Яна пра нас. Яна для тых, хто сёння пераехаў з іншай культуры ў Польшчу, і хоча даведацца нешта пра польскую культуру на базе таго, на чым узгадаваўся. І гэта настолькі велізарна. Мне здаецца, у Польшчы ніхто так не заглыбляўся ў польскі тэатр, кінематограф, у польскую мультыплікацыю і нават коміксы. Я думаю, ніхто не пашкадуе, калі прачытае гэтую кнігу».

Журналіст Сяргей Падсасонны падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Журналіст Сяргей Падсасонны падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Сяргей Падсасонны прызнаецца, што праца над кнігай, якая расцягнулася на 8 гадоў, пашырыла яго культурны, гістарычны і літаратуразнаўчы кругагляд, але не зрабіла яго рэлігійным фанатыкам. Наадварот. «У мяне з'явілася больш веры ў людзей», – кажа аўтар.

І вяртаючыся да «вялікай і магутнай»:

,,

«Мне здаецца, расейская мова тут важная і з той прычыны, што расейцы таксама павінны чытаць гэта. Некаторым будзе балюча, але няхай чытаюць. У Дастаеўскага шмат болю, які ён нам прычыняе. Але трэба прайсці праз гэты боль, каб прыйсці да нечага новага».


Сяргей Падсасонны ўдакладняе, што кніга была выдадзена як доктарская дысертацыя, якую трэба будзе яшчэ абараніць.

«Дастаеўскі... Усё ж такі я бачу ў ім надзею. У ім шмат чорнага, але заканчвае ён надзеяй. І для мяне там больш надзеі, чым чорнага. Нягледзячы ні на што», – падсумоўвае журналіст.

Журналіст Сяргей Падсасонны падчас прэзентацыі сваёй кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Журналіст Сяргей Падсасонны падчас прэзентацыі сваёй кнігі. Варшава, Польшча. 25 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Сяргею Падсасоннаму 43 гады. Ён кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца, навуковы супрацоўнік кафедры літаратурнай камунікацыі Інстытута прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Вядомы як незалежны журналіст, тэлевядоўца і рэдактар тэлеканала «Белсат», стваральнік больш за 1000 рэпартажаў і сотняў інтэрв'ю. Двойчы прызнаваўся Тэлевізійнай асобай года (2019 і 2021).

Зміцер Міраш / МВ belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10