навіны

На каго працуе лукашэнкаўская прапаганда? Разбіраем разам з экспертамі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Хлопчык сядзіць каля тэлевізараў у краме ў Менску, Беларусь. 29 красавіка 2015 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Хлопчык сядзіць каля тэлевізараў у краме ў Менску, Беларусь. 29 красавіка 2015 года. Фота: Sergei Gapon / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Раней лукашэнкаўская прапаганда працавала проста: Беларусь – найлепшая краіна для жыцця, а Лукашэнка вядзе народ у светлую будучыню. Цяпер жа прапагандысты актыўней зацікавіліся жыццём у заходніх краінах. Акурат перад выбарамі. Часцей за ўсё праўладныя медыі згадваюць суседнія Літву і Польшчу – маўляў, тыя без моцных кіраўнікоў зусім гібеюць. Пры гэтым узровень жыцця ў Польшчы вышэйшы за беларускі. На каго працуе прапаганда ў Беларусі і ці давярае ёй насельніцтва краіны, запыталі ў нашых экспертаў.

Паводле эканамістаў BEROC, сёлета ВУП Польшчы складае 23 тысячы долараў на душу насельніцтва. У Беларусі гэты паказнік утрая меншы.

«Прапаганда супраць Польшчы і таго, што адбываецца з яе эканомікай, ёсць класічным прыкладам маніпуляцыі частковай праўдай. Калі параўноўваюць толькі частковыя рэчы, напрыклад, колькі каштуе ацяпленне ў Беларусі і ў Польшчы, гэта можа выглядаць пераканаўча. Але калі параўноўваць заробак у Беларусі і ў Польшчы, то, можа быць, тое, што толькі што было пераканаўчым, атрымліваецца не такім пераканаўчым», упэўнены старэйшы аналітык «MediaIQ» Паўлюк Быкоўскі.

Прапаганда закранае яшчэ адну балючую для рэжыму тэму – адток насельніцтва. Паводле сацыёлага Генадзя Коршунава, за апошнія чатыры гады краіну пакінулі каля шасцісот тысяч грамадзянаў. З экранаў праўладнага TV пераконваюць: за мяжой нашым суайчыннікам не радыя.

Масавая эміграцыя справакавала кадравы голад. На сённяшні дзень у краіне налічваецца больш як 170 тысяч вольных працоўных месцаў. Эксперт Павел Свярдлоў падкрэслівае, што акурат гэтым пытаннем улады не займаюцца, бо не могуць:

,,

«Яны не спыняюць рэпрэсіяў, яны не могуць прапанаваць людзям канкурэнтных заробкаў. І ў выніку ім застаецца толькі другі шлях гэта шлях ачарнення тых краінаў, суседніх найперш, у якія беларусы могуць з’ехаць».


Аднак нават прыхільнікі рэжыму не вераць таму, што кажуць у дзяржаўных СМІ. Гэта вынікае з даследавання «Chatham House»: у 2021-м толькі каля 40 адсоткаў электарату Лукашэнкі з даверам ставіліся да інфармацыі праўладных медыяў. Павел Свярдлоў не здзіўлены:

«Турам і Азаронкам вераць, людзі, мне здаецца, чым у іх горшы ўзровень жыцця, чым у іх горшая адукацыя, чым у іх увогуле менш выбару ўласнага. Такія людзі, можа, нават хочуць, каб прапаганда іх падманвала, каб яны атрымлівалі з прапаганды пацвярджэнне, што ўсё ж такі яны маюць рацыю».

Лягчэй трапляюць у пастку прапаганды спажыўцы тэлевізійнага кантэнту. Паводле Цэнтру новых ідэяў, інфармацыі праўладнага тэлебачання давяраюць ад 20 да 25 адсоткаў гледачоў.

,,

«Чалавек істота палітычная. Нам важна разумець, што мы належым да пэўнай групы. Калі вы сумняваецеся, вы самі ўразлівыя. Таму чалавек паступова аддаецца свайму асяроддзю. І тут што пераможа, якое асяроддзе яму ўдалося стварыць вакол сябе», тлумачыць PR-спецыялістка, медыяэкспертка Ганна Мірочнік.


Зрэшты, пад дзеянне лукашэнкаўскай прапаганды трапляюць не толькі суайчыннікі. Польскі актор Ярослаў Якімовіч наведаў Беларусь і падзяліўся ўражаннямі ад падарожжа ў сацыяльных сетках. На ягоную думку, нагодаў, каб скардзіцца на ўлады, у беларусаў няма. МЗС Польшчы асудзіла выказванні гэтай творчай асобы. Цяпер хвалебныя пасты Якімовіч выдаліў.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:

Кацярына Гардзеева, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10