На сайце адной з найбуйнейшых школаў замежных моваў у Беларусі «Streamline» з’явіўся зварот, падпісаны яе заснавальнікам і дырэктарам Эдуардам Цалюком, пра тое, што ўстанова зачыняецца, усе яе рахункі заблакаваныя з 3 кастрычніка, таму разлікі з кліентамі немагчымыя.
23 кастрычніка «Streamline» накіравала ў Менгарвыканкам ліст з просьбай паказаць пастанову аб ліквідацыі і паведаміць парадак яе правядзення.
Эдуард Цалюк распавёў, што 22 кастрычніка 2024 года ва Упраўленні юстыцыі Менгарвыканкаму да працаўнікоў школы была даведзеная інфармацыя пра пачатак працэдуры ліквідацыі навучальнай установы. Аднак прававыя падставы, што сталіся нагодай для закрыцця, выканкамам прыведзеныя не былі.
,,«Афіцыйным шляхам саму пастанову аб ліквідацыі навучальны цэнтр не атрымаў, працэдура і парадак ліквідацыі да нас не даведзеныя», – гаворыцца ў заяве дырэктара.
Рахункі школы застаюцца заблакаванымі з 3 кастрычніка 2024 года, нягледзячы на ўсе звароты аб разблакаванні, што робіць немагчымымі любыя разлікі, у тым ліку выплаты заробкаў, вяртанне сродкаў за неаказаныя паслугі.
«Увесь гэты час выкладчыкі і працаўнікі навучальнага цэнтру працягваюць працаваць без выплаты заробку», – кажа Эдуард Цалюк.
Таксама школа не зможа вярнуць грошы за неаказаныя паслугі пасля закрыцця.
,,«Найліжэйшым часам мы будзем вымушаныя спыніць існаванне выкладчыцкай дзейнасці, аказанне паслугаў кліентам і працу з контрагентамі; пры гэтым цяпер навучальны цэнтр не мае аб’ектыўнай магчымасці вярнуць грашовыя сродкі навучэнцам за неаказаныя паслугі», – тлумачыць дырэктар і раіць звяртацца ў Галоўнае упраўленне юстыцыі Менгарвыканкаму, іншыя ўпаўнаважаныя органы і ў суд.
Школа замежных моваў «Streamline» трапіла пад працэс ліквідацыі 17 кастрычніка, пра што паведаміў Альянс расследавальнікаў Беларусі са спасылкай на запіс у Адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пастанова аб ліквідацыі была прынятая пасля правярання Дэпартаменту фінансавых расследаванняў.
На думку журналістаў-расследавальнікаў, «хуткасць, з якою знішчылі ўстанову адукацыі, сведчыць пра тое, што гэта не толькі спроба падлатаць бюджэт за кошт чужых сродкаў, але і расчысціць паляну для сваіх», а таксама жаданне спыніць адток кадраў за мяжу праз вывучэнне замежных моваў.
«Streamline» працавала ў Беларусі з 1998 года, мела 14 філіялаў і тры навучальных цэнтры ў Менску, Берасці і Магілёве.
Раней у Беларусі былі закрытыя шматлікія ўстановы, што навучалі польскай мове.
Марыя Міхалевіч belsat.eu