Блогера з Кармы, які выказваўся на падтрыманне дзейных уладаў, асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі.
21 кастрычніка жыхара Кармы Аляксандра Петрачкова асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавоз інфармацыйнай прадукцыі, што змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць.
На гэты момант невядома, якое рашэнне абвесціў суддзя Кармянскага раёну Андрэй Аўсейцаў, піша выданне «Флагшток» са спасылкаю на «Гомельскую Вясну».
Аляксандр Петрачкоў вядомы як мясцовы актывіст і праўладны блогер, якога падтрымлівала раённая газета «Зара над Сожам». Рэдакцыя называла яго мясцоваю знакамітасцю.
Блогер асвятляў захады ўладаў і браў удзел у барацьбе з парушальнікамі грамадскага парадку. Фотаздымкі і відэа публікаваў у сваім акаўнце ў Instagram.
Адзін з апошніх яго «рэпартажаў» быў пра «Дажынкі» ў Карме, у якіх браў удзел Аляксандр Лукашэнка. Петрачкоў апублікаваў фота прызямлення верталёта Лукашэнкі з подпісам пра гістарычны момант і радасць жыхароў Кармы.
Журналісты «Флагштоку» адзначаюць, што ўжо больш за тыдзень на старонцы Аляксандра Петрачкова няма абнаўленняў.
Раман Шавель belsat.eu