У беларускім небе рэгулярна з’яўляюцца расейскія беспілотнікі-камікадзэ тыпу іранскіх «Shahed». Жыхары Хойнікаў прасілі ў мясцовых уладаў абараніць ад «Шагэдаў» навучальныя ўстановы. Ды дроны пагражаюць не толькі мірным жыхарам, але і самому Лукашэнку.
Расейскія ўдарныя беспілотнікі перыядычна з’яўляюцца ў беларускай паветранай прасторы, калі ляцяць з Расеі ва Украіну або калі ў час манеўраў вылятаюць ужо з украінскай паветранай прасторы. У верасні маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» налічыла рэкордных 27 выпадкаў. Часам дроны пралятаюць па самым краі мяжы, а часам залятаюць даволі далёка: напрыклад, у ліпені адзін разбіўся за 55 кіламетраў ад Бабруйску, а ў верасні адзін, падобна, праляцеў ад украінскай мяжы праз Пінск і Наваградак аж да Латвіі, дзе і разбіўся.
Часам «Шагэды» збіваюць: падобна, упершыню расейскі дрон збілі ў Беларусі ў канцы жніўня ў Ельскім раёне, пазней у верасні адзін збілі над Гомлем. Яшчэ адзін збілі над Ельскім раёнам 20 кастрычніка.
17 верасня наяўнасць праблемы прызнаў Аляксандр Лукашэнка. Але тады ён заявіў, што ў Беларусь нібыта залятаюць і расейскія, і ўкраінскія беспілотнікі. «Чаму гэта адбываецца? Бо і тыя, і другія дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. А па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць. І адзін з іх знайшлі аж каля Бабруйску», ‒ апавёў Лукашэнка. Неўзабаве ён дазволіў збіваць дроны нават следчым і лясным інспектарам.
Ды праблему нельга паказваць: жанчыну, якая зняла падзенне дрона ў Калінкавічах, затрымалі. Жыхары Хойнікаў звярталіся да аблвыканкаму з петыцыяй, у якой прасілі абсталяваць будынкі навучальных установаў сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Аблвыканкам пераклаў адказнасць на ўпраўленне адукацыі.
Брухан: Бяспеку жыхароў Хойнікаў запэўніць толькі выхад Беларусі з вайны ва Украіне
Намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе транзіту ўлады Арцём Брухан заявіў у эфіры «Белсату», што мясцовыя ўлады ў такіх пытаннях амаль нічога не могуць зрабіць: «Усе глядзяць, як пастановіць Менск», бо так збудаваная сістэма ўлады. Ключавое пытанне – як зрэагуе Міністэрства абароны, а Менск заплюшчвае вочы, таму мясцовыя ўлады не ведаюць, што рабіць, і не могуць праявіць ініцыятыву.

Каб пазбавіцца такой пагрозы, трэба зрабіць дзве відавочныя рэчы, кажа Брухан:
,,«Першае – гэта перастаць хаўруснічаць у вайне супраць Украіны, перастаць быць хаўруснікам Расеі. Па-другое, калі ўжо зроблены гэты крок, адразу збіваць расейскія „Шагэды“, якія залятаюць на тэрыторыю Беларусі, у тых месцах, дзе фактычна будзе бяспечна для цывільнага насельніцтва».
Улады Беларусі ведаюць гэта, упэўнены суразмоўца, але не робяць, бо ёсць саюзнікамі Расеі. Праблема нават не ў тым, што на дроны заплюшчваюць вочы, а ў тым, што хаўруснічаюць у нападзе.
Ды ўжо ідзе электаральная кампанія, на 2025 год запланаваныя прэзідэнцкія выбары, адзначае Брухан. На гэтыя выбары Аляксандр Лукашэнка ідзе пад лозунгам «я захаваў мірнае неба над галовамі беларусаў». Толькі «рэчаіснасць б’е па мордзе»: неба ўжо відавочна не мірнае.
Адэкватнай рэакцыяй, паводле яго, была б такая: абвяшчаць паветраную трывогу і збіваць дроны. Але гэта фактычна зруйнуе наратыў пра «мірнае неба». Таму Менск нічога і не робіць: трэба захаваць медыйную карцінку пра «мірнае неба», дзеля гэтага можна нават затрымліваць тых, хто паведамляе пра «нямірнае».
,,«Гэта такі цугцванг для Лукашэнкі, – лічыць Брухан. – Калі б ён рабіў штосьці ў інтарэсах Беларусі як дзяржавы, а не ў інтарэсах захавання сваёй улады, зразумела, што б ён зрабіў. Па-першае – гэта выказаў Пуціну: „Чаму залятаюць Шагэды?“, а па-другое, іх бы збіваў адразу там, дзе гэта бяспечна для людзей».
Збіваюць пакуль час ад часу. Нават прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўжо іранізаваў над заходнімі партнёрамі: расейскія «Шагэды» пакуль збіваюць толькі дзве краіны: Украіна і Беларусь.
Але Брухан адзначае: у Беларусь тыя дроны залятаюць не выпадкова, як на тэрыторыю якой-небудзь Польшчы ці Румыніі, а лётаюць туды-сюды даволі вольна – «паветраная прастора фактычна аддадзеная расейцам». Цяжка ўявіць, каб дроны так ледзь не штодня лёталі над той жа Румыніяй. Дроны над Беларуссю суправаджаюць, але збіваюць, магчыма, тады, калі не ўпэўненыя, ці не ўпадзе дрон на важны аб’ект.
Петыцыю жыхароў Хойніцкага раёну падпісалі толькі 14 асобаў. Але гэта ўсё сведчыць, што праблема ёсць, перакананы Брухан: людзі разумеюць рызыкі падпісання петыцыяў, але ўсё роўна гэта робяць, бо беспілотнікі відавочна пагражаюць жыццю:
,,«Я здзіўлены нават, што пры такім узроўні рэпрэсіяў знайшлося 14 чалавек. Але я магу прагназаваць, што калі колькасць дронаў не зменшыцца, а павялічыцца, і яны зноў будуць падрывацца ў небе над Беларуссю, то мы пабачым больш такіх петыцыяў, зваротаў, тыктокаў – больш розных рэчаў у публічнай прасторы».
Гэта ў нечым падобна да сітуацыі з пандэміяй каронавіруса, мяркуе суразмоўца: Лукашэнка адмаўляў пагрозу і прапаноўваў лекаваць ковід «гарэлкай і трактарамі», а людзі бачылі, што іхныя блізкія хварэюць і паміраюць. Сітуацыя з каронавірусам выклікала абурэнне народу. Цяпер людзі бачаць, што ў тэлевізары «вайны няма», а над Беларуссю ледзь не штодня «лётаюць мапеды» – рэчаіснасць іншая, людзей гэта турбуе. На гэта накладваецца тое, што ў беларускім грамадстве ёсць кансэнсус: беларусы не хочуць вайны, што выразна паказваюць сацыялагічныя даследаванні.
А калі «Шагэд» сапраўды трапіць у дзіцячы садок, або школу (пра што пісалі ў хойніцкай петыцыі), або любы жылы будынак, гэта, падкрэслівае Брухан, можа справакаваць грамадства на больш рашучыя дзеянні, стаць «чорным лебедзем». Людзям будзе ўсё роўна, як будзе апраўдвацца Лукашэнка, а будзе важна, што дзяржава не дае людзям ні свабоды, ні бяспекі. Гэтым можа скарыстацца нават Масква, калі захоча паўплываць на электаральную кампанію.
Глядзіце таксама:
Руслан Ігнатовіч, Алесь Наваборскі belsat.eu