У 2025 годзе ў Беларусі маюць прайсці чарговыя прэзідэнцкія выбары. Аляксандр Лукашэнка яшчэ не прызнае, што зноў выставіць на іх сваю кандыдатуру, але ўжо рыхтуе прапаганду да агітацыі за сябе.
Аляксандр Лукашэнка сабраў 29 жніўня нараду з адказнымі за дзяржаўную прапаганду, на якой разважаў пра будучыя прэзідэнцкія выбары. Ягоныя выказванні перадае ягоная прэс-служба.
Дата выбараў не прызначаная але яны маюць адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Паводле звестак арганізацыі «BELPOL», Лукашэнка прыняў рашэнне правесці выбары 23 лютага 2025 года.
Мінулыя прэзідэнцкія выбары, што прайшлі ў 2020 годзе, Лукашэнка прайграў у першым туры: хоць пасадзіў галоўных апанентаў, прайграў жонцы зняволенага апазіцыянера Святлане Ціханоўскай.
Ці пойдзе Лукашэнка кандыдатам на наступных выбарах, ён афіцыйна не казаў. Але ў інструктажы па прапагандзе казаў такое:
,,«Валіць на карысць дзейнага прэзідэнта, калі ён будзе кандыдатам, нам таксама не трэба. Спакойна трэба паказаць тое, што ёсць».
Лукашэнка казаў старшыню Белтэлерадыёкампаніі, міністру інфармацыі, намесніку кіраўніка сваёй адміністрацыі і сваёй прэс-сакратарцы, што «мы хутка ўступаем у перадвыбарчукю каампанію».
«Натуральна, што сродкі масавай інфармацыі, на шчасце, дзякуй Богу, будуць гуляць практычна адну з вядучых роляў у гэтай сітуацыі. Я кажу на шчасце, што не іншыя праблемы, войны і іншае. Лепш на гэтым полі будзем ваяваць пакуль і змагацца, хаця не зусім проста гэта», – казаў ён.
Сярод іншага Лукашэнка згадаў, што ў замежных медыях чытае пра сябе: нібы ён можа аддаць загад беларускім войскам пайсці ваяваць супраць Украіны. Паабяцаў: ніякіх загадаў ісці ваяваць за межы Беларусі не будзе, а ваяваць будзе, калі «прыйдуць да нас з кепскімі намерамі».
Тым часам прапагандыстаў рыхтуюць не толькі да інфармацыйнай, але і да поўнамаштабнай вайны:
Лукашэнка падзякаваў адказным за прапаганду за тое, што яго «часам някепска паказваюць», але заклікаў у гэтую перадвыбарчую кампанію казаць пра дасягненне Беларусі і намякнуў, што недахопы лепш не паказваць, а «прапагандаваць беларускую праўду» і казаць на «выгадныя для нас тэмы».
Толькі, падобна, заблытаўся, якая там цяпер «беларуская праўда», якую трэба прапагандаваць:
«Так, прапагандысты будуць прапагандаваць нашу міграцыйную палітыку ў тым плане, што мы былі для Еўропы адкрытыя ў плане міграцыі і праз нашую мяжу мыш не магла прапаўзці незаўважна. Нас папракаюць у тым, што мы адышлі ад той палітыкі, ну дык мы даўно пра гэта сказалі».
Ён спрабаваў растлумачыць, што дамовіўся з дзяржавамі Захаду наконт фінансавання імі цэнтру часовага ўтрымання мігрантаў і наконт рэадмісіі, але ў адказ на санкцыі адмовіўся ад гэтых дамоваў. Імаверна, меў на ўвазе штучна створаны ім міграцыйны крызіс на межах з Еўразвязам.
Лукашэнка дадаў, што «тое самае па ўкраінскім крызісе, абсалютна зразумелая, шчырая палітыка».
Намеснік кіраўніка ягонай адміністрацыі Уладзімір Пярцоў растлумачыў, што перад прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года прапаганда будзе параўноўваць цяперашнюю Беларусь з часамі крызісу пасля распаду Савецкага Саюзу і паказваць, што ў пачатку 1990-х жылося горш.
Трэба свая прапаганда і больш расейскай
Лукашэнка пахваліў ініцыятыву са стварэннем яшчэ аднаго дзяржаўнага тэлеканалу – «Першага інфармацыйнага» на базе «Агенцтва тэлевізійных навінаў». Маўляў, думаў, што да працы над такім будуць прыцягваць замежнікаў, а справіліся самі.
Затым сказаў «абавязкова зрабіць, каб гэта быў сапраўдны беларускі канал, без усялякай хлусні». З другім могуць быць праблемы: АТН, на базе якога ствараюць канал, не раз распаўсюджвала непраўдзівую інфармацыю і палітычную прапаганду праз іншыя каналы сеткі БТ.
Але адносна беларускіх і небеларускіх медыяў Лукашэнка паскардзіўся: даўно размаўляе з Уладзімірам Пуціным аб стварэнні беларуска-расейскага медыяхолдынгу «саюзнай дзяржавы», але ў расейскага боку «могуць быць нейкія іншыя інтарэсы», чым тыя роўныя ўмовы ў холдынгу, на якія ён з Пуціным нібыта дамовіўся.
Таксама Лукашэнка заклікаў актыўней супрацоўнічаць з расейскімі дзяржаўнымі тэлеканаламі: «Абвастрылася гэтая праблема ў добрым сэнсе». Маўляў, расейскія дзяржаўныя каналы «пайшлі насустрач» і гатовыя да супрацы з беларускай прапагандай, а «расейцаў больш і лепш чуюць».
Алесь Наваборскі belsat.eu